У Баранавічах адкрыюць беларускамоўны клас

Бацькі дзвюх дзяўчынак паўтара года беспаспяхова звярталіся ў розныя інстанцыі, каб іх дзеці вучыліся на роднай мове. Старшыня Баранавіцкага гарвыканкама асабіста разгледзеў гэтую праблему і знайшоў сродкі для фінансавання класа на роднай мове.



geagraf_ya_belarus_vuchebny_dapamozhn_k_dlya_10_klasa_stano_agul_syared_adukatsy_z_belaruskay_movay_.jpg

Клас пачне сваю працу ў Баранавіцкай гімназіі № 4 з другой чвэрці, паведаміў Вадзім Шчарбакоў, дырэктар гэтай навучальнай установы.

– Навучэнцы іншых гімназій горада, якія хочуць вучыцца па-беларуску ў 6-м класе, могуць ужо цяпер звяртацца да нас, – патлумачыў Вадзім Шчарбакоў. – Дзецям са школ давядзецца пачакаць да наступнага года і здаць іспыты па рускай, беларускай мовах і матэматыцы. Як, зрэшты, і кожнаму, хто хоча вучыцца ў гімназіі.

Па словах кіраўніка гімназіі № 4, пастанова аб заснаванні беларускамоўнага класа была прынятая дзякуючы старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Юрыю Грамакоўскаму. Ён асабіста разгледзеў гэтую праблему і знайшоў сродкі для фінансавання класа на роднай мове.

Нагадаем, што ў 2010 годзе ў Баранавічах у СШ № 14 быў створаны беларускамоўны клас, дзе вучыліся тры дзяўчынкі. Праз чатыры гады дзве з іх – Яся Малашчанка і Аліса Філіпчык – паступілі ў гімназію № 4. Аднак у стварэнні асобнага класа для працягу навучання на беларускай мове ім адмовілі, спаслаўшыся, што ў бюджэце горада няма дадатковых фінансавых сродкаў на беларускі клас. У Баранавіцкім гарвыканкаме тады патлумачылі, што клас будзе створаны толькі калі бацькі 24 вучняў пажадаюць, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску.

— Я вельмі рады, што мая дачка будзе вучыцца на беларускай мове ў лепшай гімназіі горада, — прызнаўся Васіль Філіпчык, бацька адной з дзяўчынак. — Але хацелася б, каб у будучым была спрошчана сістэма адкрыцця такіх класаў.

Па словах бацькі, за паўтара года, каб дабіцца навучання на роднай мове, ім давялося звяртацца ў мноства інстанцый: гарвыканкам, аблвыканкам, Міністэрства адукацыі, суд, пракуратуру. Нават сустрэцца з намеснікам міністра адукацыі.

— Іншы чалавек ужо калі б і хацеў, каб яго дзіця вучылася па-беларуску, атрымаў бы некалькі адпісак і  махнуў бы рукою, — кажа Васіль. — Не ўсе такія ўпартыя, як мы.

Руслан Равяка, intex-press.by