У Беластоку адкрываецца новы гандлёвы цэнтр, у якім можна будзе пераначаваць

Чатыры паверхі гандлю, забаваў і паслуг, фітнэс-клуб, кінатэатр і падземная паркоўка. Гэта толькі частка таго, што можа прапанаваць новы гандлёва-забаўляльны цэнтр Galeria Jurowiecka, пабудаваны ў самым цэнтры Беластока.



galereja_fota01.jpg

Ужо ў час будаўніцтва гаспадары разлічвалі на будучых пакупнікаў у тым ліку і з Беларусі.  
Новы цэнтр размясціўся ў самым цэнтры горада, на скрыжаванні вуліц Сянкевіча і Юравецкай, побач з алеяй Пілсудскага. Яго афіцыйнае адкрыццё адбудзецца ў суботу, 24 кастрычніка. Цэнтр будзе працаваць з 9.00 да 22.00.   Уладальнік цэнтра Канстанцін Струс расказаў "Твайму стылю", чым новае месца зможа здзівіць беларусаў:   — У хуткім часе мы можам прымаць гасцей і з самых далёкіх месцаў. У нашым гандлёвым цэнтры будзе гатэль, у якім яны змогуць пераначаваць [3-зоркавы, 13-павярховы Ibis Styles]. Таксама ў нас ёсць вялікая стаянка, якая па выхадных будзе бясплатнай. У нашых планах запусціць транспарт, магчыма і бясплатны з Гродна ў Беласток.
Гандлёвая плошча цэнтра - 25 000 кв.м (агульная - 60 000 кв.м.). Для параўнання, гандлёвая плошча Old City ў Гродне займае каля 28 000 кв.м. У Галерыі Юравецкай адчыніцца каля 140 крамаў і пунктаў паслуг, у тым ліку прадуктовы супермаркет на 1 паверсе. На 2 паверсе размешчана стаянка на 450 аўто. У гандлёвым цэнтры будзе працаваць вялікая трэнажорная зала, фуд-корт з некалькіх рэстаранаў, кавярняў і фастфудаў, шматзальны кінатэатр і дзіцячы пакой.
— Усе сакрэты раскрываць не буду, лепш убачыць. Спадзяемся, што гасцям наш комплекс вельмі спадабаецца. Акрамя звыклых буцікоў у нас будуць і зусім унікальныя для Беластока брэнды. Усіх кліентаў чакаюць зніжкі і падарункі,—  кажа спадар Струс.  
Усе атракцыі ва ўікэнд адкрыцця можна знайсці ў праграме на сайце цэнтра galeriajurowiecka.com.pl
  ***  
Будаўніцтва цэнтра пачалося ў ліпені 2012 года. Каробка была гатовая ў верасні 2014, яшчэ год занялі працы ўнутры. Інвестар за ўласныя грошы таксама абнавіў частку вуліцы Юравецкай і пабудаваў пешаходны мост праз рэчку Бялую, на беразе якой стаіць цэнтр.   Будаўнічае прадпрыемства Konstanty Strus гэта сямейная фірма з больш чым дваццацігадовай гісторыяй. На яе рахунку 40 інвестыцый: перадусім шматкватэрныя жылыя дамы і таўнхаўсы. Гандлёвы цэнтр у Беластоку — другі ў партфоліа фірмы, якая пачала ў 1991 годзе з будаўніцтва ў Седльцах, у 2000 годзе прыйшла ў Варшаву, пазней пашырыла прысутнасць на Гдыню, Беласток і Згеж.
У верасні 2015 года фірма Канстанціна Струса за 15 млн злотых (3,5 млн еўра) набыла ў фірмы PKS Bialystok тэрыторыю па вуліцы Фабрычнай, праз дарогу ад збудаванага гандлёвага цэнтра. Некалі там быў вакзал, потым аўтапарк, пазней тэрыторыю фактычна закінулі. У планах пабудаваць там жыллёвы комплекс і паркінг. За атрыманыя грошы PKS зможа купіць нават 45 сучасных аўтобусаў і перабудаваць маральна састарэлы вакзал
Паводле "Твой стыль"