У інтэрнэце запускаецца кірылічная даменная зона «.Бел»
У інтэрнэце пачынае дзейнічаць кірылічная даменная зона «.Бел», паведаміў 9 кастрычніка на канферэнцыі «Дзелавы інтэрнэт» у Мінску Сяргей Павалішаў, дырэктар кампаніі hoster.by (тэхнічны адміністратар зоны.BY, упаўнаважаны пастаўшчык паслуг для дзяржорганаў, найбуйнейшы хостынг-правайдар і рэгістратар даменных імёнаў у Беларусі).
Павалішаў сказаў, што ў верасні ад арганізацыі ICANN быў атрыманы дазвол на працу кірылічнай даменнай зоны «.Бел». «29 верасня арганізацыя ICANN
пачала працэс дэлегавання новага дамена. Запуск гэтай даменнай зоны адбудзецца зусім хутка», — запэўніў дырэктар кампаніі hoster.by.
Пасля перадачы кантролю над даменам адказнаму боку першыя тры месяцы будзе дзейнічаць прыярытэтная рэгістрацыя даменаў для ўладальнікаў таварных знакаў і фірменных найменняў юрыдычных асоб. Кошт
рэгістрацыі на два гады складзе 100 долараў ЗША ў эквіваленце.
Затым на працягу трох месяцаў будуць праводзіцца дабрачынныя інтэрнэт-аўкцыёны прэміум-даменаў (кошт рэгістрацыі дамена складзе ўжо 30 долараў ЗША). У выпадку адсутнасці цікавасці да дамена ён
будзе аддавацца па мінімальным заяўленым кошце.
І толькі праз паўгода з моманту старту кірылічнай даменнай зоны «.Бел» рэгістрацыя ў ёй будзе адкрытая для ўсіх ахвотных без выключэння. Пры гэтым правілы будуць аналагічныя
правілам рэгістрацыі ў дзейнай даменнай зоне.BY. Кошт рэгістрацыі дамена таксама зраўняецца (цяпер эквівалентны прыкладна 15 доларам ЗША).
«Этапы рэгістрацыі прыдуманыя не намі — усё зроблена на аснове сусветнай практыкі. Хіба што акрамя дабрачынных аўкцыёнаў, калі ўтаргаваныя сродкі пералічваюцца ў дзіцячыя
дамы», — адзначыў Павалішаў.
Паводле яго слоў, чакаецца, што ў першы год працы ў кірылічнай даменнай зоне «.Бел» будзе зарэгістравана прыблізна 20 тысяч даменаў.
Як адзначыў дырэктар hoster.by, з`яўленне такой даменнай зоны — гэта не празмернасць, а неабходнасць, абумоўленая часам і імклівым пранікненнем інтэрнэту ва ўсе сферы жыцця. У ліку
пераваг ён назваў адсутнасць праблем з транслітарацыяй; адназначнае напісанне і простае ўспрыманне на слых; падтрымку беларускай мовы і культуры — рэгістраваць дамены можна будзе як у
рускамоўным, так і ў беларускамоўным напісанні.
Павалішаў таксама паведаміў, што ў зоне.BY зарэгістравана 110.000 даменаў. Чаканы прырост за год складзе 18%, і па тэмпах росту рэгістрацыі даменаў Беларусь па-ранейшаму займае пазіцыю лідара ў
Еўропе. Фактычна ў зоне.BY пастаянна выкарыстоўваецца 80% зарэгістраваных даменаў
.
Сёлета нацыянальнай даменнай зоне Беларусі споўнілася 20 гадоў — яна была зарэгістраваная 5 мая 1994 года.
Паводле БелаПАН