У Курапатах ушануюць памяць ахвяраў сталінскага рэжыму
У Курапатах сёння пройдзе акцыя ўшанавання памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, якая традыцыйна адбываецца 29 дня кожнага месяца. Прадстаўнікі шэрагу грамадскіх арганізацыяў і рухаў прыйдуць ва ўрочышча, каб запаліць свечкі і памаліцца за супакой душаў закатаваных.
![kurapati_gp_sud_skarga_mgs_22_1_16_logo.jpg kurapati_gp_sud_skarga_mgs_22_1_16_logo.jpg](/img/v1/news/full/kurapati_gp_sud_skarga_mgs_22_1_16_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Акцыі памяці была распачатая ў 2007-м годзе — да 70-годдзя пачатку масавага знішчэння сталінскім рэжымам людзей у Беларусі і перадусім — інтэлектуальнай і духоўнай эліты. 29-ты дзень кожнага месяца быў вызначаны як сімвал даты 29 кастрычніка 1937 году, калі ў адну ноч у засценках НКУС былі расстраляныя каля 100 беларускіх літаратараў, выкладчыкаў, навукоўцаў.
Як паведаміла "Радыё Свабода" лідарка руху «За ўратаванне Курапатаў» Ганна Шапуцька, галоўнай задачай акцыі памяці ў Курапатах — нагадаць грамадскасці і запатрабаваць ад уладаў прызнання 29 кастрычніка Днём памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. З гэтай жа мэтай, а таксама для ўпарадкавання ўрочышча напачатку вясны грамадскія актывісты адновяць у Курапатах «талаку» — прыбіранне курапацкага лесу ад смецьця і хмызняку.