У Мінску адбылася цырымонія адкрыцця плошчы Дзяржаўнага сцяга

Неабходна, каб у Беларусі сфарміраваўся сапраўдны культ дзяржаўных сімвалаў, каб яны шанаваліся ў кожным беларускім доме, уяўляючы сабой прадмет гонару і крыніцу патрыятызму. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка вечарам 2 ліпеня на цырымоніі адкрыцця плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску.



get_img43.jpg

Мерапрыемства трансліравалася па асноўных беларускіх дзяржаўных тэлеканалах. 


Паводле меркавання Лукашэнкі, разуменне глыбокага гістарычнага і палітычнага значэння герба і сцяга Рэспублікі Беларусь, уменне выконваць гімн, веданне Канстытуцыі павінны стаць неад'емнай часткай агульнай культуры кожнага беларуса. 


"Шлях да здабыцця дзяржаўнасці, які выпаў на долю беларусаў, быў цяжкім і цярністым. Толькі ў ХХ стагоддзі мы атрымалі шанс на самавызначэнне. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка стала першым крокам да незалежнасці, падмуркам для стварэння суверэннай Беларусі. Выступіўшы адным з заснавальнікаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, БССР у 1951 годзе прыняла новы чырвона-зялёны сцяг, які падкрэслівае самабытнасць і незалежнасць. Для мільёнаў нашых суграмадзян дзяржаўныя сімвалы БССР увасабляюць дасягненні, якіх Беларусь дамаглася ў савецкі перыяд. Менавіта таму на рэферэндуме ў 1995 годзе беларусы абралі цяперашнія сцяг, герб, гімн, якія адлюстроўваюць непарыўную сувязь гістарычнага і сучаснага этапаў станаўлення краіны", — сказаў Лукашэнка. 


"Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь — неад'емная частка нашага мінулага і сённяшняга. Чырвоная паласа на ім — адлюстраванне мужнасці народа, які крывёй абараніў сваю свабоду. Зялёны — колер жыцця і надзеі, колер нашых лясоў, сенажацяў і палёў, сведчанне мірнага і працавітага характару беларусаў. Белая паласа з арнаментам — сімвал нашай чысціні і высокай духоўнасці. Пад гэтым сцягам Беларусь амаль два дзесяцігоддзі дынамічна развіваецца і сцвярджае сябе на міжнароднай арэне. Ён натхняе на нашы спартыўныя перамогі, лунае на вышэйшых вяршынях і палюсах планеты, прадстаўляе нашу краіну ў іншых дзяржавах, змацоўвае нацыянальную згоду і патрыятычны дух беларускага народа", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. 


"У самым сэрцы Мінска мы задумалі і ўзводзім цэлы комплекс, які ўключае ў сябе плошчу Дзяржаўнага сцяга, Палац Незалежнасці і залу ўрачыстасцяў. Гэты комплекс стане красамоўным сімвалам нашага суверэнітэту, нашай незалежнасці", — сказаў Лукашэнка. 


Паводле яго слоў, на гэтым месцы "пад горда лунаючым у небе беларускім сцягам моладзь будзе атрымліваць пашпарты і прыносіць воінскую прысягу, тут будуць прымаць у піянеры, сюды прыйдуць бацькі з дзецьмі і ветэраны, госці сталіцы з усіх канцоў свету". 


"Упэўнены, што гэты комплекс стане галоўным цэнтрам суверэннай дзяржавы, прадметам гонару нашых суграмадзян, візітнай карткай Беларусі ў свеце", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. 


Плошча Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь размешчана ў Мінску на праспекце Пераможцаў. Яна ўяўляе сабою круг радыусам 50 м і злучаецца з галоўным фасадам выставачнага павільёна НВЦ "Белэкспа" лесвіцай шырынёй 24 м. Уздоўж пешаходнай дарожкі размешчаны сем гранітных стэл з гербамі абласцей і Мінска. Сіметрычна з двух бакоў ад лесвіцы размяшчаюцца стэлы з тэкстам Дзяржаўнага гімна і геаграфічнай картай Беларусі. 


Агульная вышыня канструкцыі флагштока складае 70 м. Палатно сцяга мае памер 14х7 м. 


Плошчу плануецца выкарыстоўваць для правядзення святочных мерапрыемстваў у Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнай скіраванасці, наведвання афіцыйнымі дэлегацыямі замежных дзяржаў. Плошча таксама будзе ўключана ў пералік турыстычных аб'ектаў для наведвання гасцямі сталіцы, які фарміруецца Мінгарвыканкамам. 


На ўрачыстую цырымонію адкрыцця, якой папярэднічала канцэртная праграма "Красуй, Беларусь", былі запрошаны вышэйшыя службовыя асобы, прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, дэлегацыі абласцей, прадстаўнікі навучальных устаноў Мінска, працоўных калектываў, прафсаюзаў, грамадскіх аб'яднанняў, рэлігійных канфесій, творчых саюзаў, ветэраны Узброеных Сіл, прадстаўнікі дыпкорпуса і міжнародных арганізацый.

 

БелаПАН