У Мінску адкрываецца прыватная галерэя. Першымі прывязуць Шагала, Далі і Маціса

У Мінску 10 верасня адкрываецца прыватная галерэя на 1 тыс. кв. метраў, якая адразу ж стартуе з амбіцыйнымі праектамі, кіназалай і бясплатнымі кавай і гарбатай. У першы месяц працы галерэя прадставіць прыватную калекцыю графікі і жывапісу 19 народных мастакоў Беларусі. А ўжо ў кастрычніку з выставай «Вялікія класікі ХХ стагоддзя» у Мінск прывязуць 229 графічных работ Шагала, Далі і Маціса.



galereya_dom_kartin_vas_tutby_phsl_02092015_img_3406.jpg

— Узнікла ідэя адкрыць галерэю на базе народных мастакоў Беларусі. У калекцыі прадстаўлена 19 імёнаў, і жамчужына калекцыі — самы першы народны мастак Беларусі — Вітольд Бялыніцкі-Біруля. Атрымалася знайсці вельмі добрыя асобнікі, — распавяла tut.by дырэктар галерэі «Дом карцін» Ларыса Бортнік.

galereya_dom_kartin_vas_tutby_phsl_02092015_img_3483.jpg

Акрамя таго, у калекцыі прадстаўлены жывапіс Валянціны Волкавай, Івана Ахрэмчыка, Леаніда Шчамялёва, Гаўрыіла Вашчанкі, Міхаіла Савіцкага і Паўла Масленікава. Як патлумачыла дырэктар, карціны народных мастакоў Беларусі дзяржава закупляла ў музеі. Але частка засталася на руках у сваякоў, сяброў, калекцыянераў. Так атрымалася сабраць гэтую калекцыю з 300 карцін.

galereya_dom_kartin_vas_tutby_phsl_02092015_img_3492.jpg

Акрамя прыватнай калекцыі, тут будуць выстаўляцца і сучасныя мастакі, вучні народных мастакоў Беларусі. «Мы не прымяншаем вартасцяў выдатных жывапісцаў, якія ёсць у Беларусі, але званне народнага было прынцыповым крытэрыем пры адборы», — тлумачыць выбар дырэктар.

У «Доме карцін» будуць праходзіць і замежныя выставы. Ужо 1 кастрычніка адкрыецца выстава Далі, Маціса і Шагала «Вялікія класікі ХХ стагоддзя». 

Затым будзе выстава іншай калекцыі работ Далі і Шагала. У 2016 годзе запланавана некалькі замежных праектаў, у тым ліку калекцыя расійскага жывапісу, якую дасць прыватны музей сучаснага мастацтва ў Санкт-Пецярбургу «Эрарта». У канцы 2016 прыедзе выстава Пабла Пікаса, Хуана Міро і Васіля Кандзінскага.

Па словах Бортнік, галерэю адкрылі спонсары, якія пажадалі застацца ў цені, але якім ўласцівая любоў да мастацтва. «Важна, што ўсе гэтыя карціны знаходзяцца ў руках у людзей, гатовых дзяліцца і паказваць іх гледачам», — звяртае ўвагу Ларыса Бортнік.