У турыстычны патэнцыял Белавежскай пушчы інвестуюць мільёны злотых
Мільёны злотых, дзясяткі праектаў і супольная праца. «Інтэграваная Белавежская Пушча, лясная спадчына Еўропы 2015 – 2022» — пагадненне, якое дае пачатак рэалізацыі гэтай праграмы, падпісалі Міністр навакольнага асяродзя, гайнаўскі стараста, войты пушчанскіх гмінаў, дырэктар Белавежскага нацыянальнага парку і дырэктар дзяржаўных лясоў.

Гэта гістарычнае пагадненне, якое мусіць прывесці да развіцця і аховы рэгіёну Белавежскай пушчы — кажа Мацей Грабоўскі, міністр навакольнага асяродзя Польшчы
"Праграма складаецца са звыш чым 30 праектаў, якія дазволяць змяніць і ўдасканаліць гэты рэгіён. Тут з’явіцца “Сцежка па кронах дрэў” — адна з нямногіх у Еўропе, паўстане біялагічны цэнтр, — гэта значыць, што можна гаварыць не толькі пра новую якасць супрацы, але і новы кірунак развіцця", — адзначае Грабоўскі.
Праграма будзе каштаваць ад ста да ста сарака мільёнаў злотых. Чакаецца, што большасць сродкаў складуць грошы з грантаў. Звыш 20 мільёнаў злотых гэта сродкі, якія ўжо выдзеліла прадпрыемства Польскія дзяржаўныя лясы.