Уцекачам, якія звярнуліся ў Беларусь па прытулак, далі 5 дзён на выезд

Сям'і адмовілі ў атрыманні статусу ўцекачоў, а потым выгналі з міграцыйнага цэнтру.

nch_nch.jpg


Новы Час ужо пісаў аб гэтай гісторыі. Сям’я замежнікаў шукала прытулку ў Беларусі, але не змагла атрымаць статус уцекачоў. Зранку 30 лістапада раённы орган па грамадзянстве і міграцыі ў Брэсце дазволіў ім застацца ў краіне да 28 снежня, аднак потым загадалі пакінуць краіну да поўначы.
Сям'я шукае прытулак, бо ў 2014 годзе муж, ураджэнец ісламскай краіны, змяніў рэлігію, што забаронена на яго радзіме. Яго жонка — грамадзянка суседняй краіны, але і там ім было не вельмі бяспечна.
Пасля адмовы ад Беларусі ўкраінскі бок таксама не пусціў сям'ю праз мяжу, спаслаўшыся на адсутнасць у мужчыны візы. Беларусь пусціла іх назад — але невядома на колькі. І вось ізноў дрэнныя навіны: як паведамляе праваабаронца Наста Лойка, мужа і жонку з дзіцём спачатку пусцілі ў міграцыйны цэнтр, аднак потым супрацоўнікі міліцыі загадалі ім збіраць рэчы і ісці ў АГІМ. Пасля — засялілі ў самы танны гатэль і далі пяць дзён на выезд.
Праваабарончая арганізацыя Human Constanta зараз спрабуе дапамагчы ўцекачам.