Улады абнавілі базу дармаедаў. З іх будуць браць па поўных тарыфах за ацяпленне, газ і гарачую ваду
Чыноўнікі абнавілі базу не занятых у эканоміцы, актуальныя звесткі сталі даступныя з 1 верасня. У яе патрапілі тыя, хто не змог пацвердзіць занятасць за 2-і квартал гэтага года. З тых, хто трапіў у дармаедскую базу і ў каго ёсць ва ўласнасці жыллё, будуць спаганяць плату па поўным тарыфе за газазабеспячэнне, ацяпленне і гарачую ваду. Тым часам чыноўнікі працягваюць шукаць утрыманцаў і ладзіць пасяджэнні дармаедскіх камісій.
Дармаедскую базу абнаўляюць раз на квартал. Каб не патрапіць у абноўленую ў верасні базу, да 21 ліпеня трэба было паспець падаць у камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці дакументы, якія пацвярджаюць занятасць.
Беларусы могуць праверыць у онлайн-рэжыме, ці не ўключылі іх у гэтую базу. Зрабіць гэта можна на Адзіным партале электронных паслуг. З 20 жніўня да 1 верасня гэтая паслуга была недаступная, яе абнаўлялі чыноўнікі. Паслуга платная — 42 капейкі.
Чыноўнікі па-ранейшаму не публікуюць даныя, колькі чалавек па краіне ў базе не занятага ў эканоміцы насельніцтва і колькі з іх ужо атрымліваюць «пацяжэлыя» жыроўкі. Да прыкладу, у Мінску ў канцы снежня 2020 года налічылі 67 тысяч дармаедаў.
Нагадаем, пасля запуску базы не занятых у эканоміцы «выявілася шмат памылак, пачаліся званкі ад людзей, якія трапілі ў базу выпадкова, сярод іх — і працаўладкаваныя, і пенсіянеры». Таксама сустракаліся гісторыі, калі чалавек даўно з'ехаў за мяжу або яго ўжо няма ў жывых, а ў базу дармаедаў ён усё роўна трапіў. Напрыклад, у базу ўключылі дзяўчыну, якая 20 гадоў таму загінула ў цісканіне на Нямізе.