Улады дазволілі мітынг і канцэрт ля мінскай оперы 25 сакавіка

2 сакавіка прадстаўнікі аргкамітэту святкавання 100-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі сустрэліся з прадстаўнікамі Мінскага гарвыканкаму.

Гарадскія ўлады далі дазвол на канцэрт і мітынг ля Опернага тэатру 25 сакавіка, паведаміў “Радыё Свабода” Аляксей Янукевіч.

Пачатак мітынгу-канцэрту а 14-й гадзіне, збор ля Опернага тэатру — а 13-й. Завяршэнне плануецца а 19-й гадзіне. Мерапрыемства пройдзе пад лозунгам «Свята незалежнасці».

Пры дазволе мітынгу і канцэрту Мінгарвыканкам не стаў дазваляць вялікае шэсце праз цэнтр гораду: ранейшую заяўку, што ўключала таксама шэсце, улады адхілілі, а ў цяперашняй заяўцы аргкамітэт і не прасіў вялікага шэсця — толькі асобнай заяўкай разглядзець магчымасць невялікага шэсця ад помніка Янку Купалу да Оперы.

Прапанова адзначыць 100-годдзе БНР з канцэртам, але без шэсця выклікала хвалю дыскусіяў і абмеркаванняў на пасяджэнні аргкамітэту святкавання. Частка ягоных чальцоў выступала за абавязковае традыцыйнае шэсце на Дзень Волі, а частка за тое, каб не настойваць на шэсці, калі будзе магчымасць правесці святочны мітынг і канцэрт каля Опернага тэатру.

З Вольскім і сцягамі, але і з міліцэйскім кардонам


Як раней казаў адзін з арганізатараў мерапрыемства, кіраўнік кампаніі #БНР100 і дырэктар Symbal.by Павал Белавус, на канцэрце дакладна збіраецца зайграць Лявон Вольскі (або сам, або з «Крамбамбуляй»), вядуцца перамовы з Сяргеем Міхалком, ёсць папярэднія дамоўленасці з гуртамі Dzieciuki, Krama і Neuro Dubel.

Вольскі ў каментары “Радыё Свабодзе” раней казаў, што на 25 сакавіка варта ладзіць не толькі канцэрт, але і нейкі «вялікі баль, не як на Дзень святога Патрыка, але ўсё мае быць вельмі станоўча».

Бяз гэтага ніяк. Ілюстрацыйнае фота

На канцэрце менскія гарадскія ўлады абяцалі дазволіць выкарыстанне нацыянальнай сімволікі, у тым ліку бел-чырвона-белых сцягоў — Янукевіч кажа, гэты пункт асобна абмяркоўваўся. Праход да канцэрту будзе абавязкова зладжаны праз міліцэйскія турнікеты з металашукальнікамі, на іншыя ўмовы гарадскія ўлады не пагаджаліся.




Улады абяцалі арганізатарам прадставіць ахову, брыгады медыкаў і прыборку пасля канцэрту бясплатна.

Усё яшчэ трэба сабраць грошы

На сайце Talaka.by вядзецца збор грошай на правядзенне канцэрту, а таксама лекцыі, выставы і ўлёткі да 100-годдзя БНР. На ўсё трэба 20 тысяч рублёў, на момант публікацыі сабрана крыху больш за палову.

Таксама прымаюцца іншыя ідэі па тым, як адзначыць свята, і прымаюцца заяўкі валанцёраў для канцэрту.

Таксама 2 сакавіка быў абвешчаны тэрміновы збор сродкаў на мемарыяльную дошку да 100-годдзя БНР: улады далі дазвол на ўстаноўку мемарыяльнай дошкі на вуліцы Валадарскага, 9, дзе была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, ды старая дошка, вырабленая 25 год таму, была не ў найлепшым стане.

Неабходныя для ўсталявання новай дошкі 6 тысяч рублёў сабралі за тры гадзіны. 

 Паводле www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: