На канцэрт #БНР100 сабралі талакой амаль палову сродкаў

Арганізатары атрымаюць усе сабраныя грошы, нават калі 100% не набярэцца — або калі набярэцца больш за 100%, паведамляе «Радыё Свабода»

1239c077_038c_40e0_8c88_f40f774ef37d_w1023_r1_s.jpg


Збор грошай на сайце Talaka.by завершаны на 44% на момант публікацыі, сабрана амаль 9000 рублёў.

Дырэктар Symbal.by Павал Белавус з кампаніяй «арт-сядзібаўцаў», блогерам Эдуардам Пальчысам і дызайнерам Аляксандрам Чабатаровым збіраюць грошы на святкаванне 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.


d5794f3f_9b48_4675_be39_0c39472d280d_w650_r0_s.jpg

Прэзентацыя альбома Лявона Вольскага «Псыхасаматыка» ў Вільні, ілюстрацыйнае фота

Яны збіраюцца зладзіць у Мінску вялікі вулічны канцэрт на 25 сакавіка — Мінгарвыканкам абяцаў дазволіць мерапрыемства, вядуцца перамовы аб выступе Лявона Вольскага, Сяргея Міхалка, гуртоў Dzieciuki, Krama і Neuro Dubel.

Але канцэрт — не адзінае мерапрыемства кампаніі. Плануюцца таксама розныя выставы і лекцыі, прысвечаныя гісторыі БНР, агульнанацыянальная дыктоўка, квэсты (бліжэйшы — 9 сакавіка), спеўныя сходы, зборы подпісаў за «прабеларускія» ініцыятывы, святкаванне ў барах і кавярнях у розных гарадах, медыйная кампанія. У межах кампаніі ўжо прайшлі канцэрт на Дзень роднай мовы, збор подпісаў за беларускамоўную адукацыю, першыя лекцыі і выставы.

 

 

Прымаюцца і іншыя прапановы, таксама прымаюцца заявы на ўдзел у арганізацыі свята ў якасці валанцёра.

20 тысяч рублёў патрэбныя для арэнды пляцовак, вырабу паліграфічнай прадукцыі, на элементы экспазіцыяў выставаў, стварэнне тэматычных сайтаў, рэкламу ў сацсетках, на білбордах і на радыё, а таксама на транспартныя выдаткі.

100-годдзе БНР збіраюцца адзначыць не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі, а таксама ў Літве, Польшчы, Украіне, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Ізраілі і шмат якіх іншых месцах. Амаль усе святочныя мерапрыемствы робяцца без удзелу дзяржавы (хоць асобныя дзяржаўныя чыноўнікі выказваюцца пра БНР без варожасці).