Ультыматум уладаў Шчадрову: зачыніць прытулак за два дні

Прыватны прытулак у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну, дзе цяпер жывуць дзесяць бяздомных, Аляксей Шчадроў павінен зачыніць за два дні з прычыны антысанітарных умоў, інакш гэта зробяць улады. Куды падзець у маразы дзесяць чалавек, сярод якіх інваліды і ляжачыя хворыя, улады не сказалі.  



aliaksiej_shcadrou_shcucyn.jpg

Аляксей Шчадроў. Фота www.svaboda.org

Аляксея Шчадрова сёння выклікалі ў Шчучынскі РАУС, адтуль міліцыянт павёў яго проста ў райвыканкам. Паводле Шчадрова, у кабінэце, дзе з ім размаўлялі, прысутнічалі супрацоўнік міліцыі, прадстаўнік санэпідэмстанцыі, падатковай інспэкцыі і старшыня райвыканкаму.
 

Шчадроў без хвалявання ня можа гаварыць:
Яны назвалі мне кучу антысанітарных умоў, у якіх нельга ўтрымліваць людзей, склалі акт і сказалі, што зачыняць арганізацыю на працягу двух сутак. Сказалі здаць пячатку, пасьведчаньне аб рэгістрацыі і сказалі, калі ня сам я закрыю, а яны, то я на працягу пяці гадоў нідзе не змагу зарэгістраваць ніякай арганізацыі.
 

Шчадроў кажа, што, адчуўшы такое стаўленьне, нават ня стаў пытацца ў іх — куды дзявацца дзесяці бяздомным людзям у такі люты мароз, бо ніякіх прапановаў ад прадстаўнікоў улады не прагучала.
 

— Яны сказалі, што там блізка ад дома хлеў, што пакой павінен быць большы, бо ў ім жывуць аж пяць чалавек. Сказалі, што хлеў, дзе мы трымаем курэй і сьвіней, заблізка да калодзезя — маўляў, у нас за 15 мэтраў, а паводле нормаў трэба, каб не бліжэй за 30. Што на кухні павінен гатаваць чалавек з санітарнай кніжкай, а ў нас, маўляў, гатуе хто хоча.
 

Я нават не ўяўляю, куды цяпер людзей падзець. І як так можна, што яны робяць?.. Гэта дзікунства, гэта зусім не па-чалавечы. Я ўсё ж напішу заяву на ліквідацыю, каб яны ад нас адчапіліся. Ну што рабіць? Будзем жыць як жылі, толькі бяз гэтае рэгістрацыі.
 

Самі бяздомныя ўспрынялі навіну з жахам. Ігар Яўсееў, у якога няма нагі, нават не паверыў, што ўлады здольныя на гэта:

— Па-першае, я думаю, што яны ня маюць права нас выгнаць на вуліцу да пацяпленьня. Нам няма куды ісьці. Ну куды я пайду? Тут усе такія. Мы ж не бічы, а нармальныя людзі, проста нам няма куды ісьці, і тут большасьць інваліды. Мы не крадзем, ня просім міласьціны, нічога гэтага ня робім. А калі што, то мы зробім сядзячы страйк і нікуды ня пойдзем. Сядзем, возьмемся за рукі і нікуды ня пойдзем».
 

gdb.rferl.org__d33a80c7_af2b_4_54c26a8c123d495cec562fd42a5d308c.jpeg

Ігар Яўсееў


Гарадзенскі праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, добра ведаючы сытуацыю з прытулкам Шчадрова, кажа, што ўлады сваім стаўленьнем да бяздомных людзей яго ўжо не зьдзіўляюць:
 

— Паўстае галоўнае пытанне — што будзе з гэтымі беспрытульнымі людзьмі, якія нікому не патрэбныя? Ну вось зьявіўся такі апякун, дабрачынец — і чаму дзяржаве не дапамагчы яму? Дзяржава павінна дапамагаць яму, а яна ўсё робіць дзеля таго, каб ня даць разгарнуцца грамадзкай ініцыятыве. І зусім ня думае пра людзей — на першым месцы нейкія цыркуляры, дакумэнты...
 

Паводле Шчадрова, асноўным ініцыятарам закрыцьця ягонай арганізацыі заўсёды выступаў Васілішкаўскі сельскі савет, да якога належыць вёска Аляксандраўка. Я патэлефанаваў туды, але старшыня сельсавету была ў ад’едзе. А вось што пра прыватны прытулак сказала сакратарка сельсавету:
— А які там прытулак, мне цікава? Паколькі чалавек нідзе не працуе. І на якія сродкі ён там усё ўтрымлівае? Я наагул не разумею, бо цяперашнім часам, калі чалавек не працуе, то ён ня можа нават сябе ўтрымаць. А тут ніякіх крыніцаў даходу...
 

Сёння таксама стала вядома, што Аляксей Шчадроў звярнуўся па дапамогу да каталіцкага духавенства. Дапамагчы яму паабяцалі.
 

Прытулак для бяздомных Аляксей Шчадроў стварыў два гады таму. Летась супраць Аляксея Шчадрова ўзбудзілі крымінальную справу за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі. Але пад узьдзеяньнем СМІ зачынілі яе і зарэгістравалі прыватную сацыяльна-прафіляктычную ўстанову «Павер у сябе». За два гады ў прытулку пажылі больш за 90 чалавек. Яшчэ летась зімой у чатырох дамах жылі 27 чалавек, а цяпер — толькі дзесяць.

Паводле www.svaboda.org