Усебеларускія Дразды
Сёння ніхто не называе Беларусь дэмакратычнай краінай. Хіба што афіцыйныя ідэолагі, якія лічаць Усебеларускі сход самым яскравым вынікам глыбокай дэмакратызацыі грамадства. У савецкія часы гэта называлася «подлинным народовластием».
Сёння ніхто не называе Беларусь дэмакратычнай краінай. Хіба што афіцыйныя ідэолагі, якія лічаць Усебеларускі сход самым яскравым вынікам глыбокай дэмакратызацыі грамадства. У савецкія часы
гэта называлася «подлинным народовластием».
Значыць, усё астатняе, у лепшым выпадку, — лухта. Можна было б не звяртаць нават увагі, але Усебеларускі сход здольны даць вельмі своеасаблівае этычнае апраўданне «подлинного
народовластия» — паўнавартасную легітымізацыю праведзеных без шматлікіх заўважаных назіральнікамі і прэсай парушэнняў выбараў.
Як напісаў адзін палітычныя аглядальнік, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, чые перадвыбарныя прагнозы звычайна пацвярджаліся, чакае на выбарах 4–5 кандыдатаў. Смех дый годзе! Прагноз
— гэта метад выяўлення тэндэнцыі, заснаваны на аналізе верагодных сітуацый. Калі, прыкладам, фурман добра трымае лейцы ў руках, калі конь зацугляны, калі паджэрдка таму пад зад пры спуску не
б’е, то цалкам верагодна, што воз з’езде з крутой гары цэлым. Насамрэч, і тут ёсць элемент нечаканасці. Раптам нейкі дурань знянацку ў каня над вухам стрэліць — той панясе,
што ніякія цуглі не ўтрымаюць. Такое рэдка, але здараецца.
Калі б, прыкладам, Ярмошына абвясціла, што на гэтых выбарах пойдзе ўпартая барацьба канкурэнтаў з «единственным» (не путаць з адзіным) кандыдатам, калі б выказвала сумнеў, што ён
атрымае перамогу яшчэ ў першым туры, гэта было б падобна на прагноз. Хоць бы на самай справе сведчыла пра жаданне змяніць тактыку, перайсці ад «элегантных перамог», да перамог,
атрыманых праз барацьбу, праз вялікія намаганні, у выніку якіх народ пагадзіўся з перавагай Лукашэнкі. Хай бы пры гэтым Лукашэнка бэсціў апазіцыянераў як «ворагаў народа», але
дазволіў ім раз’язджаць па гарадах і вёсках, карыстацца радыё, тэлебачаннем, «галоўнымі газетамі краіны», каб яны маглі данесці да публікі свае тлумныя думкі. Тут бы самі
па сабе, нават без вялікіх грошай, заварушыліся журналісты, бо ім смяротна надакучыла эзопава мова, якой яны ўжо і самі не разумеюць, і таму прагнуць здаровай, рэпартажнай і эпатажнай
брутальнасці.
На такі паварот разлічвалі тыя асобы з апазіцыйнага лагера, што год з лішнім таму выказвалі пажаданне перайсці да канструктыўнай супрацы з рэжымам. Але ніякага памкнення да «управляемой
демократии» з боку Лукашэнкі не відаць. Ён, як той міліцыянт з «Асаблівасцей нацыянальнага палявання», калі мае торбу з поўнымі пляшкамі, то не кіне яе, хоць бы і мядзведзь
за ім гнаўся. А ў Лукашэнкі торба, як і раней, поўная. Таму рукі прэч!
Ярмошынскія «прагнозы» зводзяцца да парцыяльнага агучвання патрэбнай па сцэнару інфармацыі. Яна не прагназуе, а паведамляе тое, што ведае і што лічыць неабходным паведаміць галоўны
арганізатар выбараў. Гэта не сакрэт, бо калісьці, напачатку кар’еры, спадарыня Ярмошына публічна біла сябе кулакамі ў грудзі ў доказ поўнай сваёй адданасці прэзідэнту. Гэта было фактычным
самавыкрыццём, але ж у нашай краіне ніхто ўвагі на такія дробязі не звяртае.
Зараз адданасці, мусіць, не паменела, але хітрасці стала больш. Дыпламатычнага, так бы мовіць, палітэсу. Нават айчынныя, не кажучы пра замежных, сацыяльныя пісьменнікі ў якасці адметнай рысы
беларускага побытавага існавання называюць адсутнасць істотнай маёмаснай дыферэнцыяцыі ў грамадстве. Шмат чаго пры гэтым яны не ўлічваюць, але на самай справе такіх кантрастаў паміж багатымі і
беднымі, як у іншых краінах, у нашай няма. Па прынятым напачатку 1990-х гадоў табелі аб рангах, у нас нават прэзідэнт і прэм’ер-міністр не павінны атрымліваць вялікае грашовае ўтрыманне.
Цяжка сказаць, колькі — 5, 10 ці 15 мільёнаў рублёў, але не шмат. Не шмат нават у параўнанні з амерыканскай прыбіральшчыцай. Але ж тая жыве ў Амерыцы, а нашы — у Драздах. У нашых
грошай небагата, але яны ж на ўсім гатовым. Ды яшчэ маюць доступ да рэсурсаў, якія нават сасніцца не могуць амерыканскай прыбіральшчыцы, бо насельнікам Драздоў у гэтай краіне належыць усё.
Ці трэба казаць, што блізу кожнай адміністрацыйнай адзінкі ёсць уласныя Дразды. Бывае, што яны нават выразна не лакалізаваныя на мясцовасці, але літаральна кожны тутэйшы дакладна ведае, дзе
знаходзіцца мяжа, якую яму нельга пераступаць ні ў якім выпадку. Бо яны ў Драздах не патрэбныя, няма ім там чаго рабіць. Яны павінны жыць, дзе жывуць, бо ні ў якім іншым месцы жыць не могуць.
Але і «драздоўцы» па-за межамі сваіх анклаваў таксама нікому не патрэбныя. Яны тут губляюць усе свае жыццёвыя сілы. Як моркаўка, вырваная з градкі.
Магчыма, нават, што ні «драздоўцы», ні «тутэйшыя» такім становішчам не зусім задаволеныя — татальная залежнасць ад месца пасадкі не спрыяе развіццю асобы.
«Тутэйшыя» разумеюць, што трапіць у Дразды цяжэй, чым у царства нябеснае, а «драздоўцы» ведаюць: калі што, назад дарогі не будзе...
Прынамсі таму Лукашэнка распачатую супраць яго рускімі інфармацыйную вайну слушна называе «бязглуздай». Таму што яны ж яго ў «дразды» і пасадзілі...
Бо вядома: не чалавек у нас упрыгожвае месца, а месца чалавека. У Расіі гэта так і называецца — «месніцтва».