Узбуджаная крымінальная справа ў дачыненні да Вячаслава Касінерава
Адміністрацыйна арыштаванаму экс-фігуранту «справы графіцістаў» Вячаславу Касінераву прад’яўлена абвінавачванне па ч.1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса — хуліганства. Справа ўзбуджаная Следчым камітэтам Маскоўскага раёна Мінска.
![Вячаслаў Касінераў Вячаслаў Касінераў](/img/v1/userfiles/images/kasinerau_5.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вячаслаў Касінераў
Абраная мера стрымання — узяцце пад варту. Зараз Касінерава этапіравалі у следчы ізалятар №1 на вул. Валадарскага.
Нагадаем, сёння Вячаслаў Касінераў павінен быць вызвалены пасля адбыцця 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску 17 лютага.
Супрацоўнікі міліцыі сцвярджалі што Касінераў з анархістамі з групы «Чорная ружа» 12 сакавіка правёў дзёрзкую акцыю «супраць міліцэйскага бязмежжа». Каля цэнтральнага будынку Міністэрства ўнутраных спраў актывісты накінулі пятлю на шыю помніку паліцэйскаму гарадавому, які нядаўна там узвялі.
Раней паведамлялася, што Касінерава папярэджвалі аб тым, што супраць яго можа быць узбуджаная крымінальная справа.
У выпадку асуджэння Касінераву пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў, або арышт на тэрмін да шасці месяцаў.
Паводле spring96.org