Ужо сёння дзеці з асаблівасцямі развіцця прадэманструюць італьянскую калекцыю

Для Беларусі праект “Мода Італіі” не навізна — вопратку і аксесуары італьянцы дэманструюць у Мінску ўжо ў шосты раз. Але сёлета камерцыя адышла на другі план, саступіўшы месца сацыяльнаму аспекту. 3 сакавіка на подыум “Prime Hall” выйдуць васемнаццаць беларускіх дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця.



stefana_b_janki_zprava_logo.jpg

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Італіі ў Беларусі Стэфана Б’янка

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Італіі ў Беларусі Стэфана Б’янка ўпэўнены, што “попыт на вопратку і аксесуары пад маркай “Made in Italy” застаецца высокім у Беларусі — нягледзячы на сусветны крызіс. “Мода Італіі” адпавядае крытэрыям элегантнасці, характарызуецца дабротнасцю і ўнікальным, непаўторным стылем, які не залежыць ад брэнду і ляжыць у аснове сапраўдных тавараў, якія зробленыя ў Італіі. На подыуме іх будуць прадстаўляць дзеці з асаблівасцю развіцця і інваліднасцю, інтарэсы і правы якіх у Беларусі абараняе ЮНІСЭФ. Таму мэта дэманстрацыі  — гэта не толькі паказаць сябе, але і звярнуць увагу на праблемы такіх дзяцей, якія жывуць ва ўсіх краінах свету”.

Гуманітарныя адносіны Беларусі і Італіі пачаліся яшчэ тады, калі італьянскія сем’і сталі прымаць беларускіх дзяцей на адпачынак. Італія — адна з тых краін Еўропы, дзе надзвычай развітая сацыяльная сфера жыцця.

У Стэфана Б’янка ўзнікла ідэя сумясціць культурныя мэты праекта “Мода Італіі” з сацыяльнымі. Розным беларускім дзецям, якія маюць асаблівасці фізічнага развіцця, было прапанавана паўдзельнічаць у паказе. Ідэю падтрымаў дзіцячы фонд ААН ЮНІСЭФ.

Рашыд Мустафа Сарвар, прадстаўнік ЮНІСЭФ у Беларусі, перакананы, што інклюзія — гэта праблема грамадства, а не праблема дзяцей з асаблівасцямі развіцця: “У Беларусі была падпісаная канвенцыя па правах дзяцей з інваліднасцю. Таму сёння наступае вельмі важны час. Заўтра мы пабачым дзетак, якія самі будуць хадзіць па подыуму. Так мы спрабуем уключыць іх у нашае грамадства”.

Калі для паказу былі знойдзены жадаючыя, спецыяльна пад іх сталі шыць вопратку. Заўтра яны выйдуць у ёй на подыум, пасля чаго змогуць пакінуць вопратку сабе. Прадстаўнікі ЮНІСЭФ адзначылі, што ўдзел у паказе дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі — гэта першасная задача. А вопратка, якую яны будуць дэманстраваць, нічым не адрозніваецца ад той, што носяць звычайныя дзеці. Такім чынам, арганізатары падкрэсліваюць, што мода — гэта таксама інклюзія.

Чым збіраюцца здзіўляць дызайнеры? Яны прадстаўляюць  вопратку, якая зробленая з натуральнага фібра-валакну. Італьянцы завяраюць, што асаблівасць калекцыі ў яе якасці — высокатэхналагічнай, натуральнай і этычнай.

Паказ калекцыі пройдзе 3 сакавіка а 10 гадзіне ў ГЦ “Карона Замак” — “Prime Hall”. 4 сакавіка а 12 гадзіне ўсе жадаючыя змогуць трапіць на майстар-клас, дзе будуць раскрытыя асноўныя тэндэнцыі моды.