«Ведаю не з сёмых пятак, што такое быць затрыманым праз нішто». Ліст за краты да Пятра Слуцкага
Дзесяць гадоў таму гурт «Кашлаты Вох» выпусціў кліп на трэк «13» у тэхніцы stop-motion, а таксама выступіў са сваім сэтам на фэсце-конкурсе кліпаў у гэтай тэхніцы. У гурце тады граў Пётр Слуцкі, які зараз ні за што ўжо чатыры месяцы сядзіць у турме. Пеця моцна паўплываў на развіццё КВ і зрабіў з гуртом альбомы «Пазаўчора» і «Цуд-зуд». Удзельнік гурта Вячка Красулін даслаў у рэдакцыю НЧ ліст да Пятра.
Прывітанне, Сябар!
Думаў, як пачаць табе пісаць. Нарэшце, нешта грукнула па галаве, пайшлі думкі, пацяклі струменьчыкі.
Здзівіўся, што і цябе, і тваю маці, і тваіх калег во так проста ўзялі і зачынілі. Блін. Ведаю не з сёмых пятак, што такое быць затрыманым праз нішто і потым мець нейкі дзіўны вольны час, каб мець магчымаць усвядоміць, што адбываецца (пры тым, што не даюць усведамляць).
Мы з табой збіраліся неяк сустрэцца пасля таго, як пабачыліся на выхадзе з агульнай рэпетыцыйнай базы. Блін! Я быў вельмі рады цябе пабачыць! Ты, як мне падалося, таксама! Дамовіліся пабачыцца як-небудзь, паразмаўляць за жыццё..)
Ы! Памятаеш, як мы пазнаёміліся? Калі я шукаў гітарыста ў гурт і Улад табе ўсё паказаў, а я нават зазняў на відэа, каб дакладна зафіксаваць. І глядзі — праз месяц мы ўжо гралі ў Парку Чалюскінцаў, гэта быў твой першы канцэрт! У мяне захаваліся запісы, потым прадэманструю!
Тое быў 2010 год, а потым мы канкрэтна заняліся запісам альбому. Гэта быў вельмі цёплы і душэўны момант супрацы з табой. Выбачай за містэра Н., ён тады часам надакучваў і тупіў праз свой светапогляд. Але лупіў ён як трэба, з гэтым складана не пагадзіцца)
Калупаўшы тут архівы з «Osmos, мы тады ж запісалі трэкі «Васьміглазніца» і «Я бачыў». Ударныя, бас і дудкі. Гэта было тады, калі ў цябе зваліўся кейс і грыф адваліўся. Добра, што ты ўсё вярнуў на месца! Думаю цяпер дарабіць тыя тэмы і дадаць бонусамі да «Пазаўчора».
Ух, а памятаеш, як ганялі на Басовішча 2011?) Той год быў увогуле добра насычаны на падзеі! Фота ля прыбіральняў — маё любімае дагэтуль!)
Ох, часам у мяне запытваюць, чаму мы не выкарыстоўваем аранжыроўкі з «Цуд-зуд», а я не бачу, з кім, акрамя цябе, іх выкарыстоўваць.
І яшчэ калупаўся ў архівах, знайшоў папку «Show must go on», пачку, якую ты сам запісаў у 2014 годзе. Ты не супраць, калі я на яе голас запішу? Вафффкі ў мяне ёсць) (рэверанс да Сцьюі))
Дарэчы, менавіта ты мяне і падсадзіў на FG!
Як у цябе стане больш вольнага часу, пабачымся і паразмаўляем пра ўсякія цікавыя рэчы!
Дзякуй табе за тое, што ты быў заўсёды самым адэкватным з Вохаў, але тое, што «13» не сыгралі з-за струны — я памятаю!
Я з табой, КВ з табой, мы ўсе — з Табой!
Якія ў цябе задумкі пра музыку зараз?
Вячка. 2021-04-24
Пётр Аляксандравіч Слуцкі — аператар, супрацоўнік «Прэс-клуба».
Быў затрыманы 22 снежня. 31 снежня стала вядома, што Пятру Слуцкаму прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса — «Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры».
Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2