Віцебскія міліцыянты спрабавалі патрапіць у кватэру Севярынцаў
Супрацоўнікі аддзела міліцыі Першамайскага раёна Віцебска сказалі, што ім трэба агледзець лоджыю ў кватэры, але бацькі вядомага палітыка Паўла Севярынца не пусцілі нязваных гасцей без санкцыі пракурора.

Канстанцін Севярынец. Фота: Беларускае Радыё Рацыя
Гаспадар кватэры Канстанцін Севярынец не выключае, што такі візіт мог бы мець непрыемныя наступствы, піша Беларускае Радыё Рацыя:
– Кажу, ці ў вас пастанова пракурора ёсць? Няма? Дык чаго вы хочаце, хлопцы! Паглядзець? Падкінеце мне тут наркотыкі ці патроны, а потым ператрус — і знойдзеце?
Таццяна і Кастусь Севярынцы жывуць на 8-м паверсе ў шматкватэрным доме на праспекце Будаўнікоў. Па версіі міліцыянтаў, 30-га жніўня на гаўбцы сваёй кватэры сямейная пара разам з актывісткай і блогеркай Аленай Янушкоўскай правялі несанкцыянаваны пікет — віталі бел-чырвона-белым сцягам калону ўдзельнікаў акцыі салідарнасці. 1-га верасня спадарыню Янушкоўскую ўжо аштрафавалі за гэты ўчынак. А вось Таццяну і Кастуся Севярынцаў яшчэ не асудзілі — працэс, прызначаны на 9 верасня, перанеслі на няпэўны тэрмін.
Таццяну і Канстанціна Севярынцаў днямі выклікалі ў пракуратуру, каб абвясціць афіцыйнае папярэджанне пра незаконнасць несанкцыянаваных масавых акцый. Яны абодва адмовіліся падпісваць гэты дакумент, а на лоджыі ў іхнай кватэры і цяпер лунае бел-чырвона-белы сцяг.
spring96.org