Вольга Кавалькова: кампанія «Абаронім дзяцей ад алкаголю» ўжо дала добрыя вынікі
Каардынатар кампаніі «Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю» аргкамітэту БХД Вольга Кавалькова пракаментавала заяву Мікалая Іванчанкі пра тое, што Палата прадстаўнікоў будзе ініцыяваць забарону на продаж алкаголю асобам да 21 году.
"Прадстаўнікі ўлады, нарэшце, пачынаюць казаць і тым самым прызнаваць наяўнасць стратаў, якія наносіць бюджэту ўжыванне алкаголю і пра тое, што трэба прымаць меры для вырашэння гэтай праблемы. Намінальна меры па вырашэнні гэтай праблемы змешчаны ў дзяржаўнай праграме нацыянальных дзеяняў па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму на 2011-2015 гады, але чамусьці яны не выконваліся ў 2011-2014 гадах”, — адзначыла яна.
На яе думку, прыняццё ў першым чытанні новай рэдакцыі Закону «Аб рэкламе», якая забараняе рэкламу брэндаў, вырабляючых алкаголь, і такіх заяваў дэпутатаў, з’яўляецца добрым прамежкавым вынікам кампаніі «Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю», якая пачалася ў пачатку 2014 года.
"У межах кампаніі мы сабралі і даслалі больш за 20 000 подпісаў грамадзян у падтрымку прапаноў да ўладаў, былі праведзеныя дзве навукова-практычныя канферэнцыі па гэтай тэматыцы, адбываюцца сустрэчы актывістаў з чыноўнікамі і распаўсюджваецца інфармацыя пра кампанію сярод насельніцтва. Мы карэктуем і дапаўняем нашы прапановы цягам кампаніі, дасылаем у Мінгандлю фатаздымкі з крамаў, якія на нашае меркаванне парушаюць правілы гандлю ці папулярызуюць ужыванне алкаголю”, — паведаміла Вольга Кавалькова.
Яна таксама дадала, што кампанія «Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю» будзе і надалей дамагацца зменаў беларускага заканадаўства, якое рэгулюе выбар і продаж алкаголю, каб абараніць нашу краіну і нашых дзяцей ад уплыву алкаголю. Прэсавая служба БХД