Восем тысяч мінчукоў прыцягнулі ў 2018 годзе да адказнасці за хатні гвалт
Паводле звестак міліцыі, у суткі па Мінску рэгіструецца 35–40 правапарушэнняў у сем'ях.
У 2018 годзе 743 мінчукі атрымалі ахоўныя прадпісанні за хатні гвалт, распачата 238 крымінальных спраў прэвентыўнай накіраванасці і амаль 1,5 тысячы чалавек накіравана ў ЛПП, паведамілі карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» у ГУУС Мінгарвыканкама.
Паводле звестак міліцыі, у суткі па Мінску рэгіструецца 35–40 правапарушэнняў у сем'ях. Часцей за ўсё прычынай сямейна-бытавых канфліктаў становіцца злоўжыванне алкаголем і вымушанае сумеснае пражыванне былых мужа і жонкі або іншых сваякоў, з якімі захоўваюцца непрыязныя адносіны.
У 2018 годзе да адміністрацыйнай адказнасці за хатні гвалт у Мінску прыцягнуты 7 871 чалавек, амаль 1,5 тысячы грамадзян накіравана ў ЛПП за здзяйсненне 4 і больш адміністрацыйных парушэнняў у стане алкагольнага апʼянення, 743 дэбашырам выдадзены ахоўныя прадпісанні, згодна з якімі яны абавязаны пакінуць месца жыхарства на тэрмін ад 3 да 30 сутак з забаронай распараджацца сумеснай маёмасцю.
Для абароны семʼяў ад хатніх тыранаў выкарыстоўваюцца і крымінальна-прэвентыўныя меры — за пагрозы забойствам, катаванне, збіццё ў мінулым годзе ўзбуджана 238 прэвентыўных крымінальных спраў.