Выратуйце саву, якой пагражае выміранне ў Беларусі!
Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» запускае кампанію па зборы сродкаў на домікі для рэдкага віду соваў — сіпух. Так АПБ спадзяецца выратаваць від ад знікнення.

У Беларусі засталася апошняя пара сіпух — на захадзе краіны. Каб павялічыць беларускую папуляцыю, каманда валанцёраў на чале з Дзянісам Кіцелем вырабіць і размесціць 20 штучных гнездзішчаў у Маларыцкім, Брэсцкім і Камянецкім раёнах, паведамляе прэс-служба ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны". Гэтыя домікі змогуць заняць маладыя птушкі як беларускага, так і польскага паходжання.
Каб праект ажыццявіўся, трэба сабраць 1680 рублёў. Збор сродкаў ідзе на пляцоўцы Вулей. Тым, хто зробіць ахвяраванне, АПБ прапануе прыемныя бонусы.

Сіпуха селіцца побач з чалавекам: у старых парках і будынках, напрыклад, на фермах. Але нашыя фермы будуюцца па іншай тэхналогіі, чым заходнееўрапейскія, дзе сіпух жыве больш. У нас рэдка бываюць паддашкавыя паверхі, дзе сіпухі звычайна і ладзяць гнёзды. Таму і патрэбныя адмысловыя домікі-сіпухоўні.Дарэчы, у Галандыі, Бельгіі, Англіі і Чэхіі даказана, што ўсталёўка гнездзішчаў уплывае на павелічэнне колькасці сіпух.

Сіпухі — унікальныя совы і могуць мець да пяці вывадкаў у год, а ў нашых умовах — два. Гнездавацца гэтыя птушкі пачынаюць ранняй вясной. Значыць, час спяшацца: калі ўзімку вырабіць і развесіць домікі, то ёсць надзея, што ўжо гэтай вясной сіпухі змогуць святкаваць наваселле!

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ заклікае: «Адна апошняя пара — гэта мяжа, якую мы не мусім пераступіць. Патэнцыйна ў Беларусі маглі б жыць сотні пар сіпух. Ці выжыве гэты від у нашай краіне, залежыць ад кожнага з нас. Падарыце ім дом!».
Фота АПБ