Вытворца кавы Matador паўгода не плаціць заробак

Кампанія «Ікартайм», айчынны вытворца кавы пад маркамі Matador і «Чорнае зерне», амаль паўгода не плаціць заробку. Супрацоўнікі наракаюць, што іх месяцамі «кормяць абяцанкамі», некаторыя звальняюцца і падаюць у суд. Заснавальнік разводзіць рукамі: рахункі фірмы заблакаваныя з-за запазычанасці па крэдыце.



czornaje_ziernie.jpg

«Не скарачаюць, не звальняюць, проста людзі сядзяць паўгода без працы і без грошай. Кіраўніцтва абяцала, што закрые доўг то 8 сакавіка, то 3 красавіка, то 17 красавіка. А грошай усё няма і няма», — напісаў у рэдакцыю finance.tut.by супрацоўнік аднаго з філіялаў кампаніі, які папрасіў захаваць ананімнасць.
Прыватнае прадпрыемства «Ікартайм» з 2001 года вырабляе каву ў Беларусі пад гандлёвымі маркамі Matador, El cafe Barcelona і «Чорнае зерне». Сыравіна закупляецца на біржы ў Германіі. У Астрашыцкім гарадку (Мінская вобласць) кампанія мае магутнасці па абсмажванні, памоле і фасоўцы. Таксама «Ікартайм» рэалізуе элітныя гатункі кавы і гарбаты праз сетку крам Bungalow.
«Апошні заробак прыйшоў 31 снежня а 8 гадзіне вечара. Некаторыя людзі ўжо звольніліся і падалі ў суд, але пакуль нічога не атрымалі, — удакладніў работнік, які звярнуўся да FINANCE.TUT.BY. Ён растлумачыў, чаму сам не паследаваў прыкладу ужо былых калегаў: — Нейкая надзея [на выплату заробку] ўсё-такі была. Жыў на зберажэнні і за кошт жонкі. Калі была праца, то і грошы плацілі нядрэнныя, 7—8 мільёнаў.
Зрэшты, суразмоўца плануе забраць працоўную кніжку да канца тыдня. Мужчына не выключае, што падасць у суд, каб спагнаць грошы з працадаўцы.
Двое супрацоўнікаў з іншых філіялаў «Ікартайм» пацвердзілі інфармацыю аб нявыплаце заробкаў.
- Усё так і ёсць. Дзед Мароз на Новы год, як гаворыцца, пералічыў нам апошнія грошы. Я забраў працоўную ў пачатку красавіка і звярнуўся ў суд. Рашэнне было вынесена на маю карысць, але грошай я пакуль не атрымаў, — паведаміў былы работнік кампаніі. Паводле яго слоў, філіял, у якім ён працаваў, пакінулі ўсе супрацоўнікі, акрамя аднаго.
Работнікі «Ікартайм» расплывіста кажуць аб прычынах амаль паўгадавой нявыплаты заробкаў. Маўляў, нешта звязанае з банкаўскім крэдытам і блакаваннем рахункаў кампаніі.
Кампанія мае пратэрмінаваны крэдыт у Белаграпрамбанку, і работнікі гэта ведаюць, патлумачыў заснавальнік «Ікартайм» Ерванд Ісая.
— Банк не хоча пралангіраваць крэдыт, у яго прынцыповая пазіцыя. У нас ужо 8 месяцаў арыштаваныя разліковыя рахункі. Ніяк не можам падпісаць міравое пагадненне. Судзімся з банкам ў гаспадарчым судзе Мінскай вобласці. Выплата зарплаты не ідзе, бо чакаем рашэння суда. 25 мая будзе апеляцыя. Калі банк пойдзе на саступкі, рахункі разблакуюцца, і мы пачнем плаціць заробак. Калі не, будзем падаваць [скаргу ў парадку нагляду] ў Вярхоўны суд.
finance.tut.by