З вуліц Мінска прыбяруць палаткі з гароднінай і садавіной
Фармат сезоннага гандлю гароднінай-садавіной ў палатках будзе паступова сыходзіць, паведаміў агенцтву «Мінск-Навіны» намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Дамарацкі падчас прамой лініі ў Мінгарвыканкаме 10 чэрвеня.
«На наш погляд, такая форма гандлю ўжо састарэла. Выканаць санітарныя патрабаванні пры такой рэалізацыі тавараў складана, цэны ў палатках нярэдка вышэйшыя, чым у крамах, часам узнікаюць пытанні па якасці тавараў, ды і для прадаўца ніякіх бытавых выгод не прадугледжана. Да таго ж палаткі нярэдка размяшчаюцца каля дарогі, дзе выхлапы, пыл. Таму мы прынялі рашэнне згортваць такі гандаль. Новыя месцы пад вулічны продаж мы не рэалізуем (раней яны набываліся з аўкцыёну), дамо магчымасць людзям дапрацаваць да канца перыяду арэнды, але далей дамовы працягваць не будзем. У наступным годзе палаткі яшчэ застануцца, бо тэрмін арэнды ва ўсіх прадаўцоў розны, але лік такіх палатак істотна скароціцца», — распавёў ён.
Як растлумачыў Дамарацкі, палаткі пачалі выстаўляць у той перыяд, калі былі праблемы з пастаўкай садавіны-гародніны ў крамы. Бізнэсмены аказаліся больш манеўранымі і змаглі насыціць рынак таварам, прапаноўваючы яго ў такой форме. Сёння дэфіцыту няма, у крамах і на рынках поўны асартымент садавіны-гародніны. Прычым тавар правераны, чысты, захоўваецца ў належных умовах, у дадатак рэалізуецца часцяком па акцыях і зніжках.
«Восенню, хутчэй за ўсё, дамо дадатковыя месцы для продажу гародніны ў мікрараёнах, але палатачны гандаль будзе скарачацца», — канстатаваў намеснік старшыні Мінгарвыканкама.
Паводле «Нашай Нівы»