З-за моцнага снегападу ў Мінску назіраюцца збоі ў працы транспарту, заторы на дарогах дасягнулі 8 балаў з 10
З-за працяглага снегападу 3 сакавіка ў Мінску назіраецца збой у працы грамадскага транспарту, паведамілі ў дзяржустанове "Мінсктранс".
Так, паводле даных прадпрыемства, усяго па стане на 16.30 у сталіцы прыпыняўся рух на 24 тралейбусных, трох трамвайных і сямі аўтобусных маршрутах.
Так, напрыклад, з 13.18 да 13.48 на вул. Якуба Коласа на прыпынку "Бялінскага" ў напрамку Зялёнага Луга адбылося спыненне руху трамваяў на маршрутах № 5, 6, 11. Рух трамваяў маршруту № 6, 11 быў арганізаваны да разваротнага кальца "Возера", трамваяў маршруту № 5 — да разваротнага кальца "Змітрака Бядулі". Быў арганізаваны часовы аўтобусны маршрут "ДС Карбышава — Чырвоная".
На вул. Будзёнага ў напрамку пр. Партызанскі з-за ДТЗ іншага транспарту з 12.46 да 13.39 не хадзілі тралейбусы на маршруце № 49.
Амаль паўтары гадзіны (з 12.31 да 13.54) на вул. Гарэцкага, 7, у напрамку мікрараёна Малінаўка-4 з-за ДТЗ іншага транспарту адбылося спыненне тралейбусаў на маршрутах № 25, 52. Працавалі часовыя аўтобусныя маршруты.
Амаль гадзіну (з 11.55 да 12.49) на вул. Калеснікава, 32, у напрамку ГЦ Ждановічы з-за ДТЗ іншага транспарту не хадзілі аўтобусы на маршрутах № 54, 125, 140.
Каля 50 хвілін (з 12.03 да 12.50) на вул. Карбышава ў напрамку Зялёнага Луга з-за ДТЗ іншага транспарту адбылося спыненне руху тралейбусаў на маршруце № 2, працаваў часовы аўтобусны маршрут.
Паводле інфармацыі сэрвісу "Яндэкс. Пробкі", да 16 гадзін заторы на дарогах Мінска ўжо дасягнулі 8 балаў з 10 магчымых. Зафіксавана мноства дарожна-транспартных здарэнняў.
Паводле БелаПАН