За давядзенне Коржыча да самагубства сяржантам далі ад 6 да 9 гадоў калоніі

Мінскі абласны суд на выяздным пасяджэнні ў судзе Маскоўскага раёна Мінска абвясціў прысуд па «справе Коржыча», піша "Еўрарадыё".

Фота Еўрарадыё

Фота Еўрарадыё


Сяржантаў Яўгена Бараноўскага, Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча прысудзілі да 9, 7 і 6 гадоў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна. У іх канфіскуюць усю маёмасць. Яны пазбаўленыя звання сяржантаў.
5 лістапада ў судзе была зачытаная толькі рэзулятыўная частка прысуду.
Паводле абвінавачання, сяржанты атрымлівалі ад салдат хабар (ч. 1,2 артыкула 430 КК), перавышалі службовыя паўнамоцтвы і давялі да самагубства радавога Аляксандра Коржыча (ч. 3 артыкула 455). Яўгена Бараноўскага прызналі вінаватым яшчэ і па частцы 1 артыкула 205 КК — сяржант скраў тэлефон у радавога.
У зале суда шмат журналістаў і вайскоўцаў. Відавочна, Міністэрства абароны вырашыла зрабіць паказальным хаця б прысуд па гэтай справе. Падчас судовых паседжанняў ніхто з ваенных, акрамя пацярпелых і сведкаў, не прыходзіў. Паслухаць прысуд сяржантам прыйшла і маці загінулага салдата Святлана Коржыч, а таксама журналісты дзяржаўных СМІ.
Падчас судовых паседжанняў абвінавачаныя заявілі, што на допытах у КДБ на іх аказвалі ціск. Але генпракуратура не ўбачыла правапарушэнняў у дзеяннях супрацоўнікаў камітэта дзяржбяспекі. На думку ведамства, абвінавачаныя пісалі чыстасардэчныя прызнанні, а таксама заяўлялі ў судзе пра факты ціску з боку КДБ, з мэтай змякчыць адказнасць.
Суддзя Алег Лапека цалкам пагадзіўся з пазіцыяй пракуратуры і прызначыў сяржантам тыя тэрміны, якія прасіў дзяржбвінаваўца.
У апошнім слове Ягор Скуратовіч і Яўген Бараноўскі прызналі факты абвінавачання, але адмовіліся ад таго, што давялі да самагубства Коржыча. Скуратовіч нават выбачыўся за ўсе ўзброеныя сілы. Антон Вяжэвіч сказаў вельмі коратка: прынёс спачуванні Святлане Коржыч, раскаяўся і прызнаў віну.
Цела Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі ў падвале медроты вайсковай часці 3 кастрычніка 2017 года. Ён правісеў ў пятлі тыдзень. У салдата былі звязаныя ногі, а на галаву надзетая майка. Расследаванне гучнай справы доўжылася паўгода. 19 красавіка Следчы камітэт паведаміў, што Коржыча давялі да самагубства калегі. Маці салдата ў гэтую версію не верыць, а пацярпелыя салдаты кажуць, што ў Аляксандра не было прычын зводзіць рахункі з жыццём. Суд па “справе Коржыча” цягнуўся амаль тры месяцы — 3 8 жніўня. 
euroradio.fm