Беларуса, якога КДБ абвінаваціла ў хабарніцтве, ва Украіне прызналі бежанцам
Акруговы адміністратыўны суд Кіева прызнаў беларуса бежанцам і
абавязаў міграцыйную службу Украіны даць грамадзяніну Беларусі статус
бежанца, піша Белсат.
У судзе Кіева справа грамадзяніна нашай краіны разглядалася яшчэ ў жніўні, але толькі цяпер пастанова суда апублікавана на старонцы ўстановы.
З матэрыялаў справы вынікае, што статус бежанца, альбо асобы, якой патрэбная дадатковая абарона, атрымаў прадпрымальнік, які ўцёк ва Украіну ад крымінальнага пераследу з боку Беларусі. Беларуса афіцыйны Менск аб’явіў у вышук па лініі Інтэрполу паводле абвінавачвання ў хабарніцтве ў буйным памеры. З пастановы следчага КДБ вынікала, што нібыта мужчына даў як мінімум тры хабары ў 2014-2015 гадах. Падследны заяўляў, што «падставай для абвінавачвання сталі паказанні аднаго з былых падначаленых».
Суд высветліў, што грамадзянін нашай краіны шчыльна сябраваў з заснавальнікам ТАА «Сармат», вядомым беларускім бізнесоўцам і актыўным публічным дзеячам, які доўгі час крытыкаваў існую ўладу і эканамічную палітыку РБ.
Відавочна, кіраўнік ТАА «Сармат», пра якога згадвае суд у Кіеве, – гэта Аляксандр Кныровіч, якога ўтрымліваюць за кратамі. А грамадзянін Беларусі, які ўцёк ад пераследу з Менску, – гэта Вячаслаў Кушнер, выказвае здагадку радыё «Свабода».
Суд палічыў, што грамадзянін нашай краіны абгрунтавана асцерагаецца стаць ахвярай палітычнага пераследу. Таму абавязаў дзяржаўную міграцыйную службу Украіны прызнаць грамадзяніна РБ бежанцам.