За наезд на абаронцу Курапатаў кіроўцу пагражае крымінальная справа — адміністрацыйны пратакол скасавалі
У Мінскім абласным ДАІ адмянілі пратакол аб адміністрацыйным парушэнні, складзены пасля наезду на абаронцу Курапатаў Дзяніса Урбановіча. Па выніках новай экспертызы траўмаў, якія атрымаў актывіст, разбор можа скончыцца крымінальнай справай, піша «Радыё Свабода».
«22
лютага той адміністрацыйны пратакол адмянілі. Гэтак мне сказаў супрацоўнік ДАІ
Арцём Шаманскі і ягоны калега, Сяргей Аляксандравіч. Падстава — змяніўся
дыягназ, які мне паставілі лекары пасля траўмы. Усё больш сур’ёзна, чым
падавалася спачатку. Цяпер магчымая крымінальная справа», — сказаў
Урбановіч Свабодзе.
Да ўшыбаў пляча і ключыцы, якія лекары выявілі пасля здарэння 16 лютага, дадаўся шыйна-плечавы сіндром. Паводле медыкаў з 38-й паліклінікі Мінску, у актывіста пашкоджаныя спіна і пазванкі шыі.
«Супрацоўнікі ДАІ сказалі, што паклічуць у аўторак на экспертызу, каб дакументальна пацвердзіць траўмы. Калі будзе прызнана, што траўмы сярэдняй цяжкасці, сказалі, што распачнуць крымінальную справу на кіроўцу», — сказаў Урбановіч.
Міліцыянт, які ўдзельнічаў у афармленні пратаколу аб наездзе на Урбановіча, адмовіўся каментаваць справу, але не абверг, што праводзіцца разбор інцыдэнту. У рэспубліканскім ДАІ атрымаць каментар наконт здарэння Свабодзе не ўдалося.
* * *
Здарэнне адбылося 16 лютага на ўездзе ў рэстарацыю «Поедем поедим», якую дзявяты месяц пікетуюць абаронцы Курапатаў. Актывіста збіў на сваім аўтамабілі жыхар Менску Анатоль Лабанок, на якога супрацоўнікі ДАІ склалі адміністрацыйны пратакол.
Адразу пасля здарэння лекары дыягнаставалі ў Дзяніса Урбановіча траўмы пляча і рукі, якія не лічацца цяжкімі. Таму максімум, што пагражала Лабанку паводле пратаколу, — часовае пазбаўленне правоў кіроўцы за наезд на чалавека.
Анатоль Лабанок, які наехаў на Урбановіча, — музы́ка, грае на кантрабасе і навучае дзяцей музыцы. У размове з «Нашай Нівай» праз некалькі дзён пасля здарэння Лабанок назваў тое, што адбылося каля рэстарацыі «Поедем поедим», правакацыяй.
«У Курапатах няхай збіраюць грошы, ставяць помнікі, вянкі, збіраюцца, успамінаюць. А не гэтымі радыкальнымі метадамі, што гэта за метады такія? Любы мір лепшы за вайну. А гэта вайна! На маленькім узроўні, але вайна, правакацыя.
На якой падставе вы перагароджваеце дарогу? Хто ім даў права? Яны не разумеюць, што парушаюць правілы дарожнага руху? Прычым планамерна парушаюць. Там гісторыі няма, гэта пастановачны момант», — сказаў Лабанок.
Паводле кіроўцы, траўмы, якія атрымаў Урбановіч ад ягонага наезду, нязначныя.
«Што там у інтэрнэце напісалі? Што ён пабіў галаву? Гэта няпраўда! Ушыб пляча, і ўсё. Я ж бачыў даведкі. Ніхто ніякіх галоваў не біў. Я вам сказаў усё, што хацеў, больш не тэлефануйце мне», — сказаў Лабанок.
Дзяніс Урбановіч сцвярджае, што Анатоль Лабанок наехаў на яго свядома.
«Ён спачатку прытармазіў на ўездзе ў рэстарацыю, і я накіраваўся да яго, каб, як звычайна, распавесці пра Курапаты, папярэдзіць. Ступіў толькі пару крокаў па дарозе, як ён націснуў на газ і стаў паварочваць улева, якраз на мяне. І тут удар, я адлятаю на некалькі мэтраў і б’юся аб дарогу...
Потым міліцыянты, як праглядалі відэа здарэння, самі здзіўляліся, навошта ён газаваў і паварочваў, яму ж ніхто не замінаў ехаць наўпрост», — згадаў актывіст.
Паводле Урбановіча, пасля здарэння Лабанок не выходзіў з ім на сувязь, не выбачыўся, не цікавіўся ягоным здароўем і не прапаноўваў замірыцца.