За гэта і б’юць

Як сябе не засцерагай ад непрыемных адчуванняў, цалкам гэта ні ў каго не атрымліваецца зрабіць. То святло пагасне падчас трансляцыі футбольнага матчу, то ў краму малако не завязуць. І амаль немагчыма пазбегнуць катэгарычных меркаванняў пра слабасць беларускай апазіцыі.



8ae1da0fe37c98412768453f82490da2.jpg

Як сябе не засцерагай ад непрыемных адчуванняў, цалкам гэта ні ў каго не атрымліваецца зрабіць. То святло пагасне падчас трансляцыі футбольнага матчу, то ў краму малако не завязуць. І амаль немагчыма пазбегнуць катэгарычных меркаванняў пра слабасць беларускай апазіцыі.
Дый якое ж там “амаль. Проста немагчыма. Зойдзеш у сеціва, толькі пра гэта і гамонка. Чужыя — увогуле катэгарычныя: Лукашэнка — дыктатар, але ж і апазіцыя слабая і неарганізаваная. Не так даўно пабывала ў краіне не вельмі вядомая дзяячка (дарэчы, некалі суайчынніца) і дзіву даецца: “Апазіцыя ў Беларусі вельмі слабая і раз’яднаная. Гэта факт.
Дарэчы, дзяўчына прыехала з вельмі дэмакратычнай еўрапейскай краіны — манархіі, дзе нават кароль у сваіх высокіх справах кіруецца заканадаўствам. Дзе ніхто нават і не падумае пра тое, каб стварыць такую выбарчую камісію, якая б падлічвала галасы на карысць толькі аднаго кандыдата.
Цытую далей: “Адміністрацыі Лукашэнкі не трэба было нічога фальсіфікаваць на выбарах або апранаць “яжовыя рукавіцы. У рэжыму ёсць даволі моцная падтрымка беларускага народа. Вядома ж, не 80% галасоў. Прыкладна 40–45%. Гэтага б хапіла для перамогі на выбарах. Насамрэч, магло б і хапіць. Каб была ў яго такая задума — правесці нарэшце гэтыя выбары.
Тэлефануе знаёмы, як кажуць, “кіраўнік сярэдняга звяна на адным з мінскіх прадпрыемстваў. Ён з калегамі даволі актыўна рыхтаваўся да гэтай падзеі (выбараў). Што яны будуць галасаваць “супраць, сумневу не было. Раіліся, за каго прагаласаваць, за якую праграму. І таму расчараваныя: “У яго такіх працэнтаў не было нават на піку папулярнасці. Людзі ведаюць, што кажуць. Як хутка час бяжыць, як хутка ў жыцці ўсё мяняецца! Раней лічылі за свята схадзіць на “кожную Плошчу, а зараз пад рукой нітрагліцэрын трымаеш. Пачнуць даганяць, сам па сабе здохнеш. А ўсё-ткі думаеш — трэба было схадзіць…
Суседка ляжала падчас “кампаніі ў лякарні. Жыла, можна сказаць, у часовым палітычным жаночым калектыве. Дзе самае рознае “пераціраецца ў доўгіх размовах пра тое, што было, ёсць і будзе. Своеасаблівая жаночая партыя “Надзея. Аказалася, не. Як скрыню па палатах насілі, амаль кожная аб’явіла, што “за гэтага нізашто не прагаласуе. А як пачулі пра вынікі галасавання — адно пытанне: “Як? Як такое магло здарыцца? Выходзіць, што нас падманваюць, за нос водзяць?..
Выходзіць. І якім бы “простым не быў чалавек, яго такое становішча задаволіць не можа. А людзі на самай справе вельмі далёкія ад палітыкі. Ім падаецца, што дастаткова падаць свой голас, і яго ўлічаць.
Маняць і праз тэлебачанне і газеты. У ход ідзе ўвесь арсенал палітычнай дэмагогіі, напрацаваны шматлікімі гебельсамі. Прыкладам, не кажуць праўды. Памятаю, напярэдадні рэферэндуму 1996 года ў рэдакцыю забег нехта ад Вардамацкага. Яны праводзілі апытанне, як хто збіраецца галасаваць. Атрымлівалася, што лукашэнкаўскія папраўкі да Канстытуцыі падтрымлівае большасць рэспандэнтаў. Але сітуацыя змянілася на процілеглую пасля таго, як тым жа самым людзям прапанавалі ўважліва прачытаць і асэнсаваць гэтыя папраўкі. Найбольш выразна гэта праяўлялася ў пытанні аб праве прэзідэнта фармаваць свой уласны не падкантрольны нікому бюджэт.
Ёсць сярод беларусаў і натуральныя дурні, але ж відавочна, што для фармавання пастаяннай “канстытуцыйнай большасці іх колькасці не хапае.
Сапраўды, падтрымка ў Лукашэнкі была. Але не такая выключная, каб ён свае непамерныя палітычныя амбіцыі мог задавальняць законнымі сродкамі. Каб не пэцкаць рукі, або, крый Бог, не надзяваць “яжовыя рукавіцы. Доказам таму сталі выбары ў Вярхоўны Савет 1995 года. Ён тады нудна тлумачыў, што яму не трэба дадатковых паўнамоцтваў, бо і так ёсць — царскія. І раптам непасрэдна на выбарчым участку заклікаў выбаршчыкаў не галасаваць, бо гэтыя абавязкова падмануць.
Але выбары ў ВС усё ж такі адбыліся, і парламент аказаўся не такім ужо і ручным. Ледзь да імпічменту справа не дайшла, давялося ненавісны “орган народаўладдзя сілай разганяць і арганізацыйна ліквідоўваць.
Натуральна, усё зачысцілі, падмялі, каб і следу на засталося. Далей можна было б ладзіць “настоящие выбары. Канкурэнтныя, празрыстыя, з удзелам назіральнікаў, а галоўнае, прадстаўнікоў кандыдатаў пры падліку галасоў. Пасля трэба было, хай сабе 10, 15, 20% месцаў у палаце аддаваць апазіцыі. А тыя б вэрхалу нарабілі. А калі 40–45%, што цалкам адпавядае логіцы палітычнай сітуацыі, Лукашэнка не змог бы прыбраць да рук нават самы лаяльны парламент.
Пачалася б рэальная палітыка з характэрным для яе зрываннем усіх і ўсялякіх масак. Праз нейкі час давялося б з’язджаць са сталіцы ды дапамагаць Галіне Радзівонаўне апрацоўваць “фамільныя соткі.
Не, спадарства, апазіцыя моцная. За гэта і б’юць…