Забраныя сілавікамі пры ператрусах смартфоны прадаюцца як канфіскат
Адразу некалькі беларусаў, у якіх праходзілі ператрусы, убачылі забраную тэхніку на сайтах «канфіската».
У жыхара Брэста яшчэ ў кастрычніку 2020 года забралі тэлефон. Міліцыянты зрабілі гэта, верагодна, падчас ператрусу. Пасля гэтага мужчыну асудзілі па крымінальным артыкуле 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») на 2 гады «хіміі», а тэлефон пастанавілі канфіскаваць «як прыладу злачынства», паведамляе «Радыё Свабода».
Цяпер мужчына адшукаў свой тэлефон на сайце konfiskat.by. Падобныя гісторыі расказваюць і іншыя беларусы.
Раней таксама хадзілі чуткі, што вынятыя ў час арыштаў тэлефоны трапляюць у крамы канфіската. Але гандлёвыя аб’екты іх абвяргалі.
Цяпер жа на сайце «Гандлёвага дома "Усходні"», які належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта, выставілі на продаж 50 канфіскаваных тэлефонаў. Амаль ва ўсіх у апісанні паказаны IMEI — унікальны нумар, па якім уладальнік можа лёгка пазнаць свой тэлефон. Усе тэлефоны прадаюцца без зараднай прылады, некаторыя пад паролем.