«Зацягнула ад зліўной трубы». У мінскім аквапарку «Фрыстайл» загінула жанчына

Трагедыяй скончыўся сёняшні адпачынак для адной з наведвальніц сталічнага аквапарку «Фрастайл». Жанчыне было каля 40 гадоў, яна патанула.

Фота www.free-style.by

Фота www.free-style.by

Зміцер з сям'ёй прыйшоў у «Фрыстайл» каля 17:30, — распавядае «Onliner». Калі ён зайшоў у сам аквапарк, то ўбачыў, што на борціку стаяць супрацоўнік міліцыі і медык. Паводле яго слоў, работнік аквапарку ныраў у басейн і нешта вымяраў. Бліжэй да 19:00 наведвальнікаў папрасілі пакінуць тэрыторыю.

— Нам прапанавалі напісаць заявы на вяртанне грошай, што мы і зрабілі, — тлумачыць Зміцер. — А ўжо на выхадзе я спытаў у ахоўніка, што здарылася. Ён распавёў, што каля 16:00 у басейне патанула дзяўчына. Яе нейкім чынам прысмактала да зліўной трубы басейна, і яна задыхнулася. Жудасна, вядома. Навошта было пускаць наведвальнікаў, калі такое надзвычайнае здарэнне адбылося?

Падрабязнасці здарэння распавяла адна з наведвальніц аквапарку, Бэла. Яна сядзела на «беразе» ў шэзлонгу ў пары метраў ад басейна. Паводле яе слоў, усё адбылося каля 16:00.

— У басейне невялікая глыбіня, даросламу дзесьці па грудзі, — кажа Бэла. — Я як раз сядзела на шэзлонгу і сачыла за дзіцем, яму 10 гадоў. Двое мужчын раптам сталі клікаць ратавальнікаў. Аказалася, што на дне басейна ляжыць жанчына. Ратавальнікі прыйшлі і сталі спрабаваць яе выцягваць. Удваіх не змаглі, казалі: «Засмактала, засмактала». Яны спрабавалі і за рукі, і за тулава яе цягнуць — не выходзіла. У выніку там сабралася чалавек пяць. І вось толькі яны ўсе разам змаглі выцягнуць гэтую жанчыну. Да яе падбег, па ўсёй бачнасці, муж. Як убачыў, што яна без руху, забіўся ў істэрыцы.

На выгляд жанчыне дзесьці 40 гадоў, яна даволі шчыльнага целаскладу. Нават не магу выказаць здагадку, наколькі моцна працавала гэтая зліўная труба, што яе прысмактала. Жанчына ўжо не падавала прыкмет жыцця. Колькі яна прабыла пад вадой, невядома. Прыйшоў медык, але я не бачыла, каб ёй рабілі непрамы масаж сэрца і штучнае дыханне.

Вядома, гэта ўсё жудасна і страшна, да гэтага часу не магу прыйсці ў сябе. Як так магло спрацаваць абсталяванне, калі ў басейне было столькі людзей, не ведаю…

Афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч пацвердзіла інфармацыю аб смерці дзяўчыны ў аквапарку «Фрыстайл».

— Цяпер на месцы працуе следча-аператыўная група, — адзначыла яна.