«Залезлі ў акно і забралі ў псіхушку»
94-гадовую жыхарку Новага Свету хочуць прызнаць недзеяздольнай — яна замінае будоўлі.
Увайшлі на прыватную тэрыторыю, уварваліся ў дом і забралі чалавека ў
псіхіятрычную лякарню. Гэта не сцэнар фільма — такая гісторыя ў чэрвені
2017 года адбылася з 94-гадовай Нінай Іосіфаўнай Сямёнавай, жыхаркай
дома на Ватуціна, 6 у Гродне. Пенсіянерка плакала, крычала і прасіла аб
дапамозе, але нічога не магла зрабіць супраць прадстаўнікоў гарадскіх
службаў, якія палічылі яе хворай. А можа ўся справа ў кавалку зямлі ў
цэнтры горада?
Стары дом Ніны Іосіфаўны ідзе пад знос. Пенсіянерцы ўжо прыйшло паведамленне аб канфіскацыі зямельнага ўчастка для дзяржаўных патрэб і зносе размешчанага на ім аб’екта. У будучыні на гэтым месцы — адрэзку вуліц Горкага, Ватуціна і 17 Верасня — з’явіцца медыцынска-гасцінічны комплекс.Пакідаць дом не хоча
У доме Ніна Іосіфаўна жыве адна. Кожны дзень на працягу доўгіх гадоў да яе прыязджае чалавек па імі Вацлаў — сын кампаньёнкі яе маці. Мужчына прывозіць пенсіянерцы прадукты і дапамагае па гаспадарцы. Суседзі, дворнік і паштальён таксама наведваюць Ніну Іосіфаўну, каб ёй не было сумна.
Зараз Ніна Іосіфаўна вярнулася з псыхіятрычнай бальніцы, дзе прабыла 10 дзён. Адразу пасля выпіскі яе забраў Вацлаў з сям’ёй – у іх жанчына пражыла месяц. Пакідаць дом яна больш ніколі не хоча. Вацлаў збіраецца аформіць апеку над бабуляй.
Разам з ёй і відавочцамі Hrodna.life раскажа, што адбылося з гродзенкай у адзін з летніх дзён, калі да яе наведаліся нечаканыя госці.
Цягнулі па асфальце
«Я такія жахі перажыла, што не перадаць словамі. Яны забралі мяне нахабна, залезлі ў акно і завезлі ў псіхушку, — распавядае Ніна Іосіфаўна. — Сказалі, што я ўжо дурная. Дай Божа ўсім такую памяць як у мяне зараз. Проста ўзялі і стварылі на мяне справу. Мабыць, спадабаўся ім мой участак і яны вырашылі мяне прыбраць самотную. Як схапіў мяне адзін, так мне дагэтуль баляць рэбры. Цягнулі яны мяне па асфальце — ногі вельмі баляць. Я ім крычала “Досыць!”, а яны мяне завезлі ў псіхушку».
Дворнік Ян Міхайлавіч, які працуе на вуліцы Ватуціна, бачыў, як Ніну Іосіфаўну забіралі ў псіхіятрычную бальніцу:
«Гэтую жанчыну я ведаю ўжо каля 7 гадоў. Вельмі добрая і прыстойная гродзенка. Я ёй дапамагаю, а таксама Вацлаву, які яе даглядае. Часта заходжу адведаць.
Было вельмі сумна бачыць, як з ёй паступалі службы. Прыехалі на трох машынах, а я акурат у той момант побач з домам касіў траву. Мне сказалі сыходзіць. Я бачыў, як да яе міліцыя ў акно лезла. Я крычаў: «Не чапайце бабульку!», а яны тым часам выцягваць яе сталі і сказалі мне: «Тут яна адна жыве і ў яе нікога няма». Нібыта спрацаваў там пажарны апавяшчальнік. Больш нічога я зрабіць не мог, бо мне сказалі не перашкаджаць».
Загаварыла па-польску — прызналі неадэкватнай
Сведкам таго, што адбывалася, была і паштальён Людміла Антонаўна:
«Я ішла з газетамі па вуліцы Ватуціна. Да мяне падышоў невысокі лысы мужчына і спытаў: «Вы ведаеце Сямёнаву?» А я ж Ніну Іосіфаўну ведаю даўно – яна выпісвае газеты. Гэты чалавек папрасіў мяне, каб я падышла да яе дому і папрасіла Ніну Іосіфаўну пагадзіцца легчы на абследаванне. Я падумала, што бабуля прыхварэла, зайшла да яе ў двор. А там столькі народу, проста жах. Можа і больш за 15 чалавек. Участковы, міліцыянты, лекары, пажарныя, прадстаўнікі домаўпраўлення, магчыма, гарвыканкама, сацработнікі і іншыя. Вядома, адзінокай пенсіянерцы было страшна.
Я падышла да Ніны Іосіфаўны і спытала, што здарылася, а яна мне ў адказ: “Яны прыйшлі і хочуць мяне забраць». Мужчына перабівае Сямёнаву і кажа «На абследаванне!» Я ж сказала Ніне Іосіфаўне: можа сапраўды з’ездзіла б у бальніцу — у яе праблемы з адным вокам. Яна адказала, што з ёй усё добра і перайшла са мной на польскую. І тады мужчына, які стаяў побач, сказаў: «Бачыце, бачыце, яна неадэкватная».
Яны палічылі, калі чалавек пачаў размаўляць па-польскай мове, значыць ён неадэкватны. Мужчына ў выніку даў указанне лекарам выклікаць брыгаду. Я ім стала казаць, каб спыніліся, Ніна Іосіфаўна абсалютна адэкватная жанчына, якая шмат чытае і шмат ведае, слухае радыё і ва ўсім разбіраецца. Я казала, што яна ў поўным здароўі і розуме, але мяне ніхто не слухаў.
Я бачыла вочы Ніны Іосіфаўны. Яе погляд жаху і бездапаможнасці ніколі не забуду».
А раптам яна пражыве «занадта доўга»?
Пакуль ехала брыгада, паштальён Людміла Антонаўна пабегла клікаць на дапамогу суседзяў. Адна суседка прыбегла. Гэта была Валянціна Іванаўна.
«Я прыйшла да Ніны Іосіфаўны і ўбачыла вялікую камісію. Мне сказалі, што адбылася ўцечка газу. Але калі я стала размаўляць з газаўшчыкамі, то яны мне сказалі, што бабуля ўжо пяць гадоў не карыстаецца газам і незразумела чаму іх тузанулі, — распавядае Валянціна Іванаўна. — Пасля мне жанчына з адміністрацыі Ленінскага раёна сказала, што паступіла заява на Ніну Іосіфаўну ад жыхароў вуліцы – маўляў, яна небяспечная для навакольных. Я спытала, як чалавек можа быць небяспечным, калі суседзі ведаюць Ніну Іосіфаўну па 50 гадоў і яна ніколі нікому зла не жадала. Тады жанчына з адміністрацыі прапанавала мне зірнуць на санітарыю дома.
Так, я згодна, было брудна. Але я ім спрабавала растлумачыць, што чалавек стары і не заўсёды можа прыбраць за сабой».
Суседка звярнула ўвагу, што шмат гадоў Ніну Іосіфаўну абслугоўвае Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Ленінскага раёна. Яго прадстаўнікі і павінны былі аказваць дапамогу па хаце.
Ніна Іосіфаўна ў свае 94 гады добра чуе і чытае, ды памятае многіх людзей
Камісія доўга спрабавала даказаць суседцы, што Ніну Іосіфаўну трэба везці ў псіхіятрычную бальніцу. Не давёўшы гэтага, жанчыну сталі проста выправаджваць.
«Я пачала крычаць, каб яны мелі сумленне і пакінулі бабулю ў спакоі, далі ёй дажыць спакойна ў роднай хаце. Можа, ёй засталося некалькі месяцаў? А адзін мне кажа: «А што, калі яшчэ некалькі гадоў?». Тады я зразумела, што яны хочуць бабулін дом забраць, а яе куды-небудзь завезці».
Валянціна Іванаўна кажа, што са слоў прадстаўнікоў гарадскіх службаў стала зразумела, што скарга на Ніну Іосіфаўну нібыта паступіла ў панядзелак, а ўжо ў сераду яны прыехалі цэлай дэлегацыяй. Але слугі народа не заўсёды так спяшаюцца. З 2011 года Валянціна Іванаўна дамагаецца, каб прадстаўнікі Ленінскага раёну прыйшлі і праверылі яе дом. Але яны не спяшаюцца.
«Ніхто з адміністрацыі не адарваў сваю пятую кропку і не прыйшоў і не праверыў, у якіх умовах жыву я. А тут не паспелі напісаць на бабулю незразумела хто — яны адразу адрэагавалі. У выніку прыехала хуткая, мяне абступілі і выправадзілі з двара, а Ніну Іосіфаўну пагрузілі ў машыну і павезлі».
Будзе змагацца за дом
Пасля гэтай гісторыі Ніна Іосіфаўна канчаткова перастала хадзіць, пастаянна скардзіцца на болі ў жываце. Кожны дзень пенсіянерка ўзгадвае, як яе вывозілі з уласнага дома і спрабавалі прызнаць хворай. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, Ніна Іосіфаўна збіраецца адстойваць родную хату.
Медыцынска-гасцінічны комплекс насупраць спартыўнага комплексу «Нёман» збіраецца будаваць расійскае ЗАТ «Лада Хотелс». Пачатак будаўніцтва запланавана ўжо на канец 2017 года.
Паводле hrodna.life