Ізаляцыя Беларусі

Прадстаўнік ЗША ў АБСЕ Іэн Кэлі 15 лютага правёў відэаканферэнцыю для беларускіх журналістаў. Ужо сам па сабе гэты факт сведчыць, што свет не забыўся пра Беларусь.



e1b90346c92331860b1391257a106bb1.jpg

Менавіта з асуджэння дзеянняў беларускіх уладаў 19 снежня, з закліку тэрмінова вызваліць палітычных вязняў і пачаў свой выступ амбасадар Кэлі. “Мы верым у еўрапейскую будучыню Беларусі, — падкрэсліў ён. — Беларусь займае істотнае месца ў Еўропе, і вельмі важна, каб яна ўдзельнічала ва ўсіх нашых праграмах. Аднак пры гэтым звярнуў увагу на прынцыповыя абавязкі, якія Беларусь узяла на сябе, далучыўшыся да АБСЕ: павага правоў чалавека, свабоды слова, свабоды сходаў, вяршэнства права і падзел уладаў. І якіх яна мусіць прытрымлівацца. Што тычыцца эканамічных санкцый, то яны, адзначыў Іэн Кэлі, па-за мандатам АБСЕ. Аднак АБСЕ падтрымлівае меры, абвешчаныя Еўрасаюзам.
Яшчэ адной важнай праблемай Іэн Кэлі назваў рашэнне беларускіх уладаў не працягваць мандат офіса АБСЕ ў Мінску, тэрмін якога заканчваецца 31 сакавіка. Калі рашэнне не будзе адменена, офіс мусіць быць закрыты. Гэта рашэнне прадстаўнік ЗША ў АБСЕ назваў памылкай і выказаў спадзяванне, што яна будзе выпраўлена. На яго перакананне, місія АБСЕ ў Беларусі незавершаная. Праграмы, якія распачаты і якія толькі запланаваныя, разлічаны на працяглыя тэрміны, яны ўзгадняліся з беларускім бокам.
Іэн Кэлі выказаў спадзяванне, што ім удасца пераканаць беларускі бок адмяніць сваё рашэнне. Калі ж не, то і ў гэтым выпадку ўсе праграмы, скіраваныя на падтрымку грамадзянскай супольнасці, будуць не толькі працягнуты, але і ўзмоцнены. Частку працы з Беларуссю возьме на сябе Варшаўскі офіс АБСЕ.
«Я не хачу, каб Беларусь была ізаляванай краінай у цэнтры Еўропы, — падкрэсліў прадстаўнік ЗША ў АБСЕ. — Але пасля падзей 19 снежня, у сувязі з гэтымі рэпрэсіямі, баюся, што Беларусь у палітычным сэнсе стала фактычна ізаляванай. Мы не хочам мірыцца з такой сітуацыяй, мы хочам, каб была агульная еўраатлантычная інтэграцыя, гэта карысна і для Беларусі, і для нас. І я спадзяюся, што менавіта АБСЕ можа служыць месцам і форумам для абмеркавання такіх пытанняў».