Збітага падчас выбараў журналіста Андрэя Козела аштрафавалі на 735 рублёў

Паводле міліцыі, журналіст «Белсата» Андрэй Козел незаконна здымаў працэдуру падліку галасоў на мясцовых выбарах, а потым адмовіўся пакінуць памяшканне на патрабаванне супрацоўнікаў міліцыі.

Фота Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Фота Вадзім Заміроўскі, TUT.BY


Інцыдэнт адбыўся ў фінальны дзень выбарчай кампаніі на адным з участкаў у Мінску, дзе журналіст прысутнічаў у якасці даверанай асобы аднаго з кандыдатаў і вёў відэатрансляцыю падліку галасоў на сваю старонку ў Facebook.
— Старшыня камісіі запатрабавала пакінуць участак, але я працягваў, бо назіраць і здымаць падлік галасоў не забаронена заканадаўствам. Тады супрацоўнікі міліцыі выцягнулі мяне сілай, маёй галавой разбілі шкляныя дзверы ўчастка і працягвалі збіваць у калідоры, — расказаў Андрэй Козел.
Супраць журналіста склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне міліцыі і першы раз паспрабавалі судзіць на наступны дзень пасля затрымання.
На судзе міліцыянт Уладзіслаў Бушынскі заявіў, што не ведае выбарчага заканадаўства і толькі выконваў патрабаванне старшыні выбарчай камісіі. Пасля гэтага суддзя адправіў справу на дапрацоўку, а журналіста вызваліў.
З асуджэннем затрымання і збіцця Козела выступіла ўплывовая міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў”.
— Я не чакаў, што пасля такога міжнароднага розгаласу ўлады захочуць працягваць справу. Але Ігар Шуневіч ужо паспеў падзякаваць падначаленым за “прафесіяналізм” на выбарах, таму пратакол дапрацавалі і зноў накіравалі ў суд.
Там так і напісана, што я парушаў таямніцу падліку галасоў. Хоць гэта працэдура ёсць і проста абавязана быць галоснай на выбарах, — гаворыць Козел.
Суддзя Іван Касцян прызнаў журналіста Андрэя Козела вінаватым у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (23.4 КаАП Беларусі). І пакараў яго штрафам у 30 базавых велічыняў (735 рублёў).
baj.by