«З'язджаю з пачуццём удзячнасці да беларусаў». Вызвалены з калоніі японскі мастак вяртаецца дахаты

Сям’я Даічы Ёшыда, які адбываў у беларускай калоніі пакаранне за нелегальнае перамяшчэнне агнястрэльнай зброі, узядналася ў самалёце, паведамляе "Радыё Свабода" .

f61fb7f7_0068_4944_a2b1_926ce54721bf_w1023_r1_s.jpg

Даічы Ёшыда выслалі з Беларусі, яго правялі да аэрапорту пад вартай міграцыйнай службы. З ім самім журналістам пагутарыць не ўдалося.

Даічы Ёшыда забаронены ўезд у Беларусь на 5 гадоў.

Маці Даічы сказала “Свабодзе”, што яе сын вельмі рады вызваленню, а па вяртанні ў Японію хоча абавязкова звязацца з беларускімі сябрамі.

Даічы Ёшыда меўся правесці ў калоніі 4 гады 6 месяцаў, але быў нечакана вызвалены па рашэнні Вярхоўнага суду 22 траўня. Вярхоўная калегія ВС змяніла прысуд, прызнаўшы яго «празмерна строгім». Суправадзіць Даічы Ёшыда дахаты прыляцелі ягоная маці Ёка і брат Сэйя Ёшыда.

Ёка Ёшыда сказала, што першую інфармацыю пра вызваленне сына атрымала ад аднаго з удзельнікаў фэйсбук-суполкі, якую яна стварыла ў падтрымку Даічы. Яшчэ некалькі дзён сышло на тое, каб афіцыйна яе пацвердзіць. Урэшце на сайце Вярхоўнага суду з’явілася паведамленне пра прынятае рашэнне.

У пратэсце, не аспрэчваючы вінаватасці асуджанага ва ўчыненых злачынствах і правільнасці кваліфікацыі яго дзеянняў, старшыня Вярхоўнага суду паставіў пытанне аб празмернай строгасці прызначанага асуджанаму пакарання.

У выніку прысуд Даічы зменшылі да 1 году 9 месяцаў і вызвалілі 22 траўня 2018 году.

«На гэтае рашэнне паўплывалі вельмі справядлівыя артыкулы ў СМІ, — кажа Ёка Ёшыда. — Мы двойчы звярталіся да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Даічы накіроўвалі словы падтрымкі шмат людзей з Беларусі і з іншых краінаў. Усе гэтыя намаганні паўплывалі на рашэнне».

У лютым 2018 году Вярхоўны суд адмовіў у хадайніцтве аб пераглядзе прысуду ў справе Даічы Ёшыда і назваў прысуд «справядлівым». Пасля гэтага сям’я Ёшыда двойчы звярталася да Аляксандра Лукашэнкі, падрабязна апісваючы ўсе дэталі справы Даічы.

 

5a2d10f0_858c_4a44_9619_e1d9ce9390df_w650_r1_s.jpg

 «Прысягаем сваім жыццём», — напісалі блізкія мастака ў сваім першым лісце да кіраўніка Беларусі, просячы звярнуць увагу на становішча Даічы.

Пабачыць сына і брата адразу пасля вызвалення сям’і Ёшыда не давялося. З калоніі яго забралі супрацоўнікі РУУС г. Віцебску і прывезлі ў аддзел грамадзянства і міграцыі. 23 траўня Даічы Ёшыда быў дастаўлены ў Нацыянальны аэрапорт Менск.

«Канечне, калі ўсё гэта здарылася, для мяне быў шок, — кажа Ёка Ёшыда, адказваючы на пытанне, ці не маюць яны крыўды на Беларусь. — З першых паездак у Беларусь я вярталася са слязьмі і складанымі пачуццямі. Але што здарылася, тое здарылася. З кожным прыездам у мяне ўсё больш тут з’яўлялася знаёмых, якія мяне падтрымлівалі. Некаторыя маглі са мной паплакаць. А колькі было добрых лістоў у адрас нашага сына».

Сям’я Ёшыда скарысталася нагодай, каб праз “Радыё Свабода” выказаць удзячнасць усім, хто паўплываў на рашэнне ў справе Даічы Ёшыда. А таксама ўсім беларусам і замежнікам, якія падтрымлівалі іх у нялёгкі для сям’і час.

«Я прыязджаю ў Беларусь у дзясяты раз, — кажа Ёка Ёшыда. — Я шмат ужо чаго даведалася — і пра добрае ў Беларусі, і пра тое, якія тут складанасці. Мне ўсё гэта стала блізка. Але я ведаю, што мае пачуцці да беларусаў, да сяброў, ніколі не памяняюцца. Я заўжды буду з удзячнасцю да іх ставіцца».

56fad2b2_0b32_45e7_ace7_49be0f4b4c3a_w650_r1_s.jpg


15 жніўня 2016 году Даічы Ёшыда вылецеў з Кіева ў Токіё маршрутам з транзітнымі перасадкамі ў аэрапортах Мінску і Абу-Дабі. Ён сцвярджае, што служба бяспекі ў аэрапорце Кіева праверыла і сфатаграфавала ўсе часткі зброі, якія знаходзіліся ў ягоным зарэгістраваным багажы, і дапусціла яго на рэйс. У Менску Даічы Ёшыда быў затрыманы, а ў красавіку 2017-га асуджаны на 4 гады 6 месяцаў зняволення за незаконны правоз і перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі.