Зміцер Галко чакае на лісты з волі
Наш былы калега журналіст Зміцер Галко пераведзены ў жодзінскую турму №8. "Дзіме зараз цяжка. Ён не скардзіцца, але зразумела, што ў карнай дзяржаўнай малатарні ўсё ўсталявана так, каб на тваю галаву, адразу за парогам, на цябе абрынулася безліч праблем", — напісаў яго бацька Мікалай Галко ў фейсбуку.
"Кажуць пра значныя адрозненні Жодзіна ад Валадаркі. Магчыма, бо ў нас нават тымі недасканалымі законамі кожны кіруецца, як яму захочацца. Напрыклад, у Жодзіна забаронена перадаваць вязням кнігі. Выключэнне зроблена для Бібліі (гэта святое – кажа прапаршчык) і Крымінальнага кодэксу. Падручнікі, і тыя можна перадаваць толькі студэнтам. Выходзіць, ім хочацца, каб чалавек пакутаваў у вузкіх і змрочных сценах, без магчымасці пазбавіцца на нейкі час ад цяжкіх думак. Харчаванне такое, што есці немагчыма. Хаця на Валадарцы яно прыймальнай якасці. Пошта працуе кепска, лісты туды возяць усяроўна, як на валах. Просьба да сяброў, калі некаму захочацца напісаць, то зрабіце такую ласку. Лісты там – промнікі сонца".
Паштовы адрас для ліставанняў: 222163. Жодзіна, вул. Савецкая, 22 а, турма №8. Галко Дзмітрыю Мікалаевічу.
Зміцер Галко некалькі гадоў супрацоўнічаў з «Новым часам». Аўтар шэрагу спецыяльных рэпартажаў з перадваеннага Данбасу, артыкулаў на міжнародную тэматыку, пісаў пра пераслед радыкальных актывістаў у Беларусі.
У 2015 годзе Зміцер Галко стаў пераможцам конкурса БАЖ "Вольнае слова", а таксама лаўрэатам прэміі імя Святланы Наўмавай у намінацыі "Журналістыка".
Пачытаць артыкулы Зміцера Галко ў «Новым часе» можна тут.
22 красавіка Зміцера Галко затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы. Ён быў абвешчаны ў вышук у якасці падазраванага па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных справаў».