Зміцер Вайцюшкевіч выклаў новы альбом у інтэрнэт
Беларускі спявак Зміцер Вайцюшкевіч апублікаваў на Soundcloud новы альбом «Наша песня».
budzma.by
У інтэрнэце адбылася прэзентацыя новага альбома Змітра Вайцюшкевіча "Наша песня", які складаецца з 12 песень класікаў і сучасных беларускіх аўтараў. Усе кампазіцыі так ці інакш прысвечаныя тэме радзімы.
— Звярнуцца да такой складанай тэмы прымушае час, — лічыць Вайцюшкевіч. — Хопіць дзяліцца на чэсных і нячэсных, на левых і правых, на беларускамоўных і рускамоўных. Хопіць дзяліцца паводле колеру сцяга ці паводле палітычных сімпатыяў. Натуральна, што мы ўсе розныя і маем розныя перавагі. Але глабальна ўсе, хто дбае пра Беларусь і яе культуру — на адным баку.
Слухаць альбом можна тут
Альбом спалучае розныя пласты матэрыялу. З аднаго боку шэраг класічных беларускіх песень савецкіх часоў: "Мой край" Ціхановіча, "Я люблю бярозку" Семянякі, "Вераніка" Лучанка. З іншай — "Паланэз" Агінскага, "Магутны божа" Равенскага, "Я нарадзіўся тут" Вольскага, "Сцяг" Вайцюшкевіча. А таксама цалкам новыя песні Вайцюшкевіча на словы Някляева: "Жыве Беларусь", "Красуня вясна", "На дальняй старане".
— Усе песні ў цалкам новых версіях і ў іншым прачытанні. "Я нарадзіўся тут", напрыклад, гучыць зараз ад імя пасталеўшага героя і з іншым настроем. Пры гэтым яна змяшчае дагэтуль нявыдадзены кавалак першапачатковага тэкста, які ў свой час забракаваў прадусар праекта Алесь Суша. Некалькі песень наогул гучыць з хорам — я вельмі хацеў гэта зрабіць і зараз вельмі задаволены, — тлумачыць спявак.
Трэк-ліст:
- Мой край: музыка Яўген Ціхановіч, словы Адам Русак;
- Я нарадзіўся тут: музыка і словы Лявон Вольскі;
- Я люблю бярозку: музыка Юрый Семяняка, словы Адам Русак;
- Красуня-вясна: музыка Зміцер Вайцюшкевіч, словы Уладзімір Някляеў;
- Сцяг: музыка Зміцер Вайцюшкевіч, словы Уладзімір Някляеў;
- Жыве Беларусь: музыка Зміцер Вайцюшкевіч, словы Уладзімір Някляеў;
- Муры: словы Яцэк Качмарскі (Jacek Kaczmarski) на аснове музыкі Люіса Ляха (Luis Llach);
- Лісоўшчыкам: музыка Зміцер Вайцюшкевіч, словы Міхась Чарняўскі;
- На дальняй старане: музыка Зміцер Вайцюшкевіч, словы Уладзімір Някляеў;
- Паланэз: музыка Міхал Клеафас Агінскі, словы Сяржук Сокалаў-Воюш, апрацоўка для хору Галіна Казіміроўская;
- Вераніка: музыка Ігар Лучанок, словы Максім Багдановіч;
- Магутны Божа: музыка Мікола Равенскі, словы Наталля Арсеннева