Зняволенага журналіста рэгіянальнага партала «Першы Рэгіён» Сяргея Гардзіевіча этапавалі ў калонію
Драгічынскага карэспандэнта інтэрнэт-партала Брэсцкай вобласці «Першы Рэгіён» Сяргея Гардзіевіча, асуджанага на паўтара года зняволення, этапавалі ў калонію ў Шклове, паведамляе «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Да этапавання журналіст знаходзіўся ў СІЗА ў Баранавічах.
Сяргей Гардзіевіч быў пакараны судом Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці 2 жніўня бягучага года зняволеннем на паўтара года па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса (арт. 188, 368 і 369) — за «абразу Аляксандра Лукашэнкі», за «абразу супрацоўніка міліцыі» і за «паклёп у дачыненні да супрацоўніка міліцыі». Усе «злачынствы» нібыта былі здзейсненыя ў каментарах у сацыяльных сетках.
Журналіст у судзе сваю віну не прызнаў.
28 верасня ў Брэсцкім абласным судзе разглядалася касацыйная скарга журналіста. Гардзіевіча на слуханне ў суд не прывозілі, у выніку абласны суд скаргу адхіліў і прысуд канчаткова ўступіў у сілу.
Праваабарончыя арганізацыі прызналі Сяргея Гардзіевіча палітычным вязнем.
Дасылаць лісты журналісту па пошце можна на адрас: 213004, вул. 1-я Завадская, 8, ВК-17, г. Шклоў, Магілёўская вобласць, Гардзіевічу Сяргею Андрэевічу.