Зоркі спорту зладзяць турнір на беларускай мове

Арганізатары праекту хочуць, каб у гэты дзень усе ўдзельнікі размаўлялі па-беларуску і займаліся спортам.



gerasimenya.jpg

Аляксандра Герасіменя
Ідэя правесці спартыўнае свята з нацыянальным каларытам належыць журналісту Сяргею Шчурко і алімпійскай чэмпіёнцы Аляксандры Герасімені.
— Мы вырашылі арганізаваць спаборніцтва, усе ўдзельнікі якога хаця б некалькі гадзін будуць размаўляць па-беларуску, — распавёў Сяргей Шчурко. — У нашых федэрацый ёсць праблемы піяру, прыцягнення дзяцей у секцыі. А ў гэты дзень у адным месцы будуць пададзеныя 15 відаў спорту. Сем'і змогуць узяць удзел у спаборніцтвах, выбраць для дзіцяці від спорту, які яму падабаецца.
Праект абяцае быць цікавым, не сумняваецца ён.
— Мяркуючы з досведу папярэдніх мерапрыемстваў, якія мы арганізоўвалі — Кубак выкліку, які адбыўся на Дзень незалежнасці, у беларусах выяўляецца пачуццё каманды. Калі ты бяжыш не сам сабе, а за каманду, ведаеш, што на фінішы цябе чакаюць, ты пачынаеш, умоўна кажучы, «паміраць». Нацыянальная рыса беларусаў — упартасць — уключаецца ў поўнай меры, — кажа ён.
Спартовае свята «Mова Cup» плануецца правесці на базе Рэспубліканскага цэнтра Алімпійскай падрыхтоўкі ў лёгкай атлетыцы.
На думку Сяргея Шчурко, самым лепшым вынікам праекта будзе добры настрой людзей, якія возьмуць удзел у свяце. Ён згадвае, як аднойчы на нарадзе арганізацыі аднаго з прабегаў, у якім удзельнічалі зоркі беларускага спорту і шоў-бізнэсу, пачуў ад арганізатараў: «У нас будзе 5 тысяч чалавек».
— Я думаю: «Ні фіга сабе! Якія малайцы! Адкуль яны ведаюць, колькі прыйдзе?». А потым я ўбачыў, як да месца правядзення спаборніцтваў пад'язджалі аўтобусы, адкуль выходзілі дзеці, якія беглі, а потым іх везлі. Мабыць, удзельнічалі паводле спісаў. І ад гэтага няма такога адчування свята, якога ты чакаеш. Сапраўднае спартыўнае свята я бачыў у Рызе. Людзі ішлі туды ў добрым гуморы — сем'ямі, з каляскамі, з бабулямі-дзядулямі, — кажа ён.
Сяргей Шчурко верыць, што правядзенне такіх спартыўных святаў, як «Mова Cup», дапаможа нам усвядоміць сябе беларусамі і пачаць гаварыць на беларускай мове.
— Я бачу, што ў шматлікіх вядомых спартсменаў з'явілася жаданне размаўляць па-беларуску. У Сашы Герасімені, Аліны Талай, Віталіка Радзівонава, Арцёма Радзькова, — дадаў ён.
gazetaby.com