Канстытуцыйны суд узяўся за вывучэнне прабелаў у моўным заканадаўстве
Вывучэннем прабелаў у моўным заканадаўстве зоймецца Канстытуцыйны суд. Пра гэта паведамляе салігорскі праваабаронца Аляксей Валабуеў.

На свой зварот у судовую інстанцыю грамадскі дзеяч атрымаў першую рэакцыю:
— Начальнік Сакратарыяту Канстытуцыйнага суда спадар Каравай паведаміў, што выкладзеныя мной і іншымі салігорцамі пытанні аб выпраўленні ў моўных нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці ўжо вывучаюцца ў Канстытуцыйным судзе. Аб выніках вывучэння паабяцалі паведаміць дадаткова, — кажа Аляксей Валабуеў.
Праваабаронца нагадвае, што раней грамадзяне былі пазбаўленыя магчымасці звяртацца ў Канстытуцыйны суд наўпрост. Апошнія змены ў заканадаўстве далі такую мажлівасць у пэўных пытаннях. Першым такім пытаннем салігорцаў стала абарона беларускай мовы ад дыскрымінацыі, ініцыяваная вядомым праваабаронцам, юрыдычным экспертам Беларускага Хельсінскага Камітэту Гары Паганяйлам.