ЗША перадалі Беларусі абсталяванне для аховы мяжы ў радыяцыйна-экалагічным запаведніку

Мінэнерга ЗША перадало беларускім памежнікам абсталяванне для аховы мяжы ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку, паведамляе Дзяржпагранкамітэт Беларусі.

download_81.jpg

«На ўчастку пагранічнага паста «Нароўля» адбылася афіцыйная цырымонія перадачы беларускім памежнікам абсталявання, прадастаўленага міністэрствам энергетыкі ЗША», — адзначаецца ў паведамленні.
Там адзначаецца, што амерыканскае ведамства з 2013 года прадастаўляе тэхнічную дапамогу беларускаму боку ў рамках рэалізацыі праекта «Умацаванне патэнцыялу ў сферы выяўлення, процідзеяння і спынення незаконнага абароту радыяактыўных матэрыялаў на дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь». У рамках гэтага праекта вядзецца камплектаванне пунктаў пропуску абсталяваннем радыяцыйнага кантролю, беларускім памежнікам прадастаўляюцца мабільныя сістэмы выяўлення, забяспечана тэхнічнае абслугоўванне пастаўленага абсталявання. Акрамя гэтага, гаворыцца ў паведамленні, праводзяцца навучальныя мерапрыемствы для супрацоўнікаў органаў памежнай службы.
У паведамленні таксама гаворыцца, што пагранічны пост «Нароўля», мадэрнізаваны ў рамках праекта, абсталяваны сістэмай дыстанцыйнага маніторынгу, спецыяльна абсталяванымі аўтамабілямі, цеплавізарам, біноклямі, абсталяваннем радыяцыйнага кантролю, сродкамі індывідуальнай абароны, абмундзіраваннем і рыштункам для выканання задач па ахове дзяржаўнай мяжы на тэрыторыі, якая падверглася радыяцыйнаму забруджванню.
Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік — адзіны запаведнік падобнага тыпу ў свеце, самы буйны ў Беларусі.
Запаведнік быў арганізаваны ў 1988 годзе на тэрыторыі беларускага сектара зоны адчужэння (трыццацікіламетровай зоны) агульнай плошчай 1313 км² пад назваю Палескі дзяржаўны экалагічны запаведнік. Ён размясціўся на тэрыторыі найбольш пацярпеўшых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёнаў — Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага. 
Паводле interfax.by