Зварот прыхільнікаў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы да кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь
Прыхільнікі стварэння ў Беларусі аўтакефальнай праваслаўнай царквы звярнуліся ў нашу рэдакцыю з просьбай надрукаваць зварот да кіраўніцтва краіны і беларускага грамадства з просьбай адмяніць смяротнае пакаранне.
Прыхільнікі стварэння ў Беларусі аўтакефальнай праваслаўнай царквы звярнуліся ў нашу рэдакцыю з просьбай надрукаваць зварот да кіраўніцтва краіны і беларускага грамадства з просьбай адмяніць смяротнае пакаранне.
Мы звяртаемся да кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь і настойліва прапануем адмяніць практыку смяротных прысудаў. Толькі Бог валодае ўсёй паўнатой ведання і вырашэння лёсу чалавека. Памылка ў такой справе з боку свецкай судовай сістэмы, якая з’яўляецца адбіткам недасканалай і неаб’ектыўнай любой палітычнай сістэмы, прыводзіць да непапраўнай трагедыі чалавечага лёсу. І грэх пяройдзе на тых, хто падпісвае і выконвае смяротны прысуд. Бо чым апошні забойца будзе лепей за папярэдніх, калі вынік адзіны – смерць?! Трэба памятаць пра Хрыстовае вучэнне: ня будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром (Рым. 12. 21).
Адметнасцю беларускай палітычнай мадэлі з’яўляецца звышканцэнтрацыя ўсёй улады ў адных руках, што непазбежна прыводзіць да дэфармацыяў у грамадстве і, як наступства — сацыяльнага выбуху.
Мы прапануем кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь далучыцца да міжнароднай канвенцыі аб забароне смяротных прысудаў і замене іх на пажыццёвае зняволенне. Няхай гэта будзе першым крокам гуманізму і талерантнасці з боку ўладаў і дальнабачным крокам у вечную будучыню.
Мы заклікаем усіх грамадзян Беларусі выступіць у падтрымку нашага звароту і нашай хрысціянскай пазіцыі: Забараніць смяротную кару ў Беларусі!
Генадзь Драздоў, Мінск, Беларусь
Алесь Марачкін, Мінск, Беларусь
Яўген Гучок, Мінск, Беларусь
Мікола Бамбіза, Мінск, Беларусь
Аўгіння Ніна Багінская, Мінск, Беларусь
Мікалай Мікалаеў, Мінск, Беларусь
Ганна Шапуцька, Мінск, Беларусь
Віктар Шапуцька, Мінск, Беларусь
Андрэй Дашкевіч, Мінск, Беларусь