Жыхар Брагіна запатрабаваў праверыць «дармаедскі» дэкрэт на канстытуцыйнасць
52-гадовы жыхар Брагіна Уладзімір Церамецкі атрымаў «ліст шчасця» ў канцы снежня.
Уладзімір Церамецкі. Фота: praca-by.info
Уладзімір Церамецкі шэсць гадоў прапрацаваў юрыстам у камунгасе, пасля чаго перайшоў вартаўніком на станцыю абезжалезвання вады. Год таму яго скарацілі, і з таго часу новую занятасць знайсці не ўдалося. Засталося крыху часу, каб пацвердзіць занятасць, аднак мужчына пакуль не звяртаўся ў камісію, піша tut.by.
Складанасць, з якой сутыкнуўся Уладзімір, — адсутнасць вакансій з «больш-менш годнай зарплатай».
— Пасля скарачэння я шукаў працу і прыходзіў у мясцовае ўпраўленне. Але мне прапаноўвалі 150–200 рублёў. Вартаўніком я атрымліваў дзесьці 300 рублёў, але там працаваў суткі праз трое, — успамінае мужчына.
Уладзімір тлумачыць, што пакуль павелічэнне тарыфаў яго не датычыць — у доме няма падагрэву вады, толькі газавыя калонкі. Павышэнне закране сям'ю толькі ў кастрычніку.
Чытайце таксама:
Леў Марголін: Грунтоўна парушана прэзумцыя невінаватасці
Мужчына напісаў два лісты 29 снежня ў Брагінскі райвыканкам і Гомельскі аблвыканкам, але «адказу яшчэ не было». У зваротах ён просіць выключыць яго з базы дармаедаў, а таксама патрабуе праверыць дэкрэт на канстытуцыйнасць з-за «прымусу да працы". Акрамя гэтага Уладзіміра хвалюе, што яго дадзеныя патрапяць у агульнадаступную базу, якой змогуць скарыстацца розныя дзяржорганы.
Пакуль ёсць шанец, што ўдасца даказаць сваю «занятасць у эканоміцы»: у мужчыны ў 20 км ад Брагіна ёсць дом, які застаўся ад маці, і 50 гектараў зямлі. Зараз Уладзімір там трымае гаспадарку: сочыць за агародам і падкормлівае курэй. Паколькі ў горадзе няма працы, ён ездзіць на дачу практычна кожны дзень. Зараз адзіны сямейны даход — зарплата жонкі, якая працуе загадчыцай аптэкі. Жанчына атрымлівае прыкладна 800–900 рублёў у месяц.
У сям'і ёсць сын, які другі год навучаецца ў Польшчы. Уладзімір мяркуе, што яму таксама можа прыйсці апавяшчэнне.