Жыхары хочуць, ці могуць улады ?!
Больш за 500 сельскіх жыхароў патрабуюць ад уладаў забяспечыць ім бяспечны і рэгулярны рух паміж вёскай Хорск і горадам Давыд-Гарадок.
Па просьбе мясцовых жыхароў, актывістамі
арганізацыі «За свой горад» і Брэсцкай абласной арганізацыяй Беларускай сацыял-дэмакратычнай
партыі (Грамады) была ініцыяваная грамадская кампанія.
На першым этапе актывісты вывучылі праблему, выслухалі прапановы і заўвагі мясцовых жыхароў, на аснове якіх склалі калектыўны зварот. У выніку сабрана больш за 500 подпісаў сярод мясцовых жыхароў, яшчэ каля 100 чалавек падтрымалі патрабаванні ў электроннай петыцыі. Зварот накіраваны ў Столінскі раённы і Брэсцкі абласны выканаўчыя камітэты.
«Праз раку Гарынь, паміж Хорском і Давыд-Гарадком у вяснова-летні перыяд усталёўваецца пантонны мост. Штодня сотні людзей перасякаюць раку. Аднак у зімовы перыяд пантонны мост прыбіраюць і прамы шлях паміж вёскай і горадам становіцца немагчымым. Гэта дастаўляе вялікія нязручнасці, як для жыхароў вёскі Хорск, так і для гараджан», — каментуе сітуацыю ініцыятар кампаніі і актывіст арганізацыі «За свой горад» Сяргей Мазан.
Па словах грамадскага актывіста Сяргея Мазана, аўтобусны маршрут, які існуе, у поўнай меры не вырашае праблему, бо расклад гэтых аўтобусаў падыходзіць не для кожнага. «Больш за тое: па аўторках, чацвяргах і суботах дадзены маршрут не функцыянуе. Жыхары вёскі і горада вымушаныя пераадольваць каля 5-6 кіламетраў пешшу, як правіла, пры дрэнных умовах надвор'я. Частка жыхароў штодня ў зімовы перыяд на свой страх і рызыку скарачаюць свой шлях і накіроўваюцца ў горад ці вёску па лёдзе, падвяргаючы небяспецы сваё жыццё і здароўе. Часам гэта сканчаецца трагічна», — дадае Мазан.
«Гэта беспрэцэдэнтная акцыя, калі больш за палову ўсяго насельніцтва адкрыта выказвае сваю пазіцыю. Тут і мясцовы рэферэндум праводзіць не трэба. Уладам варта прыслухацца да жыхароў і ў тэрміновым парадку варта вырашаць дадзеную праблему» — выказвае сваю пазіцыю старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі.
Па словах Сяргея Мазана, мясцовыя жыхары не патрабуюць нічога звышнатуральнага. «Мы просім: а) прыняць меры па ліквідацыі прычын і ўмоў, якія прыводзяць да парушэння правілаў бяспекі і могуць прывесці да чалавечых ахвяр; б) аптымізаваць графік руху аўтобуснага маршруту ў адпаведнасці з патрэбамі жыхароў в. Хорск і Давыд-Гарадка. Зрабіць рэйсы аўтобуса штодзённымі; в) запланаваць на 2019 г. сродкі для будаўніцтва падвеснага моста праз р. Гарынь для забеспячэння руху на працягу года паміж в. Хорск і г. Давыд-Гарадок», —агучвае прапановы Сяргей Мазан.
Актывісты арганізацыі «За свой горад» і абласной арганізацыі БСДП працягваюць аказваць жыхарам вобласці дапамогу ў павышэнні якасці жыцця.