«Басовішча» пераязджае ў Мінск. На адзін дзень. Уваход вольны

19 лютага ў клубе «Ілі» пройдзе 10-гадзінны канцэрт канкурсантаў сёлетняга фестывалю, пераможцаў мінулых год і гасцей з Польшчы. Як і на самое «Басовішча», уваход будзе вольным!



be7aa1fa_53cd_45bf_a3b9_2ce24c1978fe.jpg

22 і 23 ліпеня 2016 года ў польскім Гарадку адбудзецца  27-мы па ліку фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча».

Аднак, яго арганізатары з Беларускага аб’яднання студэнтаў у Польшчы пры падтрымцы парталу Tuzin.fm вырашылі распачаць дзею яшчэ узімку ў Мінску.

«Фестываль ладзяць супольна беларусы і палякі, таму мы радыя, што атрымаецца ўрэшце правесці конкурсную частку ў Менску ды хоць у нейкай ступені пазнаёміць з фестывалем тых, хто яшчэ на ім не быў. І, вядома ж, прыгадаць найлепшыя моманты разам з тымі, хто ўжо ездзіў да нас», — кажа старшыня БАСу Ганна Пякарская.

budzma.by__wp_content_uplo_ef10a70c1b91e8ecc44d6a7c251cdb84.jpeg

У паўфінальным конкурсе «Адборышча» возьме ўдзел 10 гуртоў, папярэдне абраныя журы з 35 заяваў. Па выніку іх выступаў назавуць 4 каманды, якія возьмуць удзел улетку ў фінале конкурсу на самім «Басовішчы». Таксама запланаваныя адмысловыя сэты гасцей — пераможцаў «Басовішча-2015» гуртоў TonqiXod і Navi, а таксама гуртаAkute (пераможцы фэсту ў 2010 годзе) ды беларускамоўнага гурта з Беластоку Ilo&Friends на чале з шматгадовай арганізатаркай фэсту Ілонай Карпюк. У дадатак абяцаецца начны танцавальны сэт праекту Warsaw Balkan Madness (PL), які грунтуецца на рытмах музыкі Паўднёва-Ўсходняй Еўропы.

Канцэрт пройдзе ў новым мінскім клубе «Ілі», які знаходзіцца па адрасе: праспект Незалежнасьці 131, корпус 1 (будынак насупраць Нацыянальнай бібліятэкі). Пачатак у 16.00 — і да самай ночы. Уваход — вольны.

«Басовішча» – найстарэйшы беларускі музычны фестываль, які праводзіцца з 1990 года. Цяпер яго ладзяць дзеці тых беларусаў Польшчы, якія калісці распачыналі рух. У розныя гады у конкурсе маладых гуртоў тут перамагалі «Мясцовы час», «КальЯн», Deviation, Znich, Rima, Partyzone, Zero-85, :B:N:, Sciana, IQ48, Indiga, Tarpach, Mauzer, Nevma, «Глюкі»,  Akute ды іншыя.

budzma.by