«Беларусьфільм» плануе сумесна з КНР зняць серыял пра дачку маршала эпохі Маа Цзэдуна

«Беларусьфільм» плануе сумесна з калегамі з КНР зняць серыял пра дачку маршала эпохі Маа Цзэдуна, паведаміў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Алег Сільвановіч.



kitai_belarus_china.jpg

«У нас цяпер ёсць праект 12-серыйнага тэлевізійнага фільма, які мы плануем рэалізаваць сумесна з кітайскімі канематаграфістамі. Ёсць вялікая гісторыя пра дачку аднаго з маршалаў эпохі Маа Цзэдуна, якая вучылася ў інтэрнацыянальнай школе ў Маскве. Потым дзеці паехалі адпачываць у Беларусь, і пачалася вайна. Дзяўчынка апынулася ў фашысцкім канцлагеры. Яе выцягвалі адтуль, ратавалі. Гэта вядомы гістарычны факт», — сказаў Алег Сільвановіч.

Гендырэктар «Беларусьфільма» ўдакладніў, што праект плануецца рэалізаваць разам з кампаніяй China Film Group. Алег Сільвановіч таксама растлумачыў, што рашэнне працаваць менавіта ў тэлевізійным напрамку звязана з тым, што ў КНР поўнасцю прыватны кінапракат. «Выйсці ў кінапракат з праектам, які мае гістарычнае значэнне, там пакуль даволі складана», — сказаў ён.

У той жа час, паводле слоў Алега Сільвановіча, не так даўно ў Кітаі было аб’яўлена, што плануецца павялічыць долю фільмаў, што будуць здымацца на аснове жыцця простых кітайскіх грамадзян. «З гэтай мэтай там запланаваны спецыяльныя камандзіроўкі. Напрыклад, на месяц рэжысёры, акцёры і драматургі будуць сяліцца ў невялікіх кітайскіх гарадках або вёсках, каб яны вывучалі жыццё такім, якое яно ёсць знутры. Кітай, безумоўна, гэтымі ідэямі прырасце», — растлумачыў гендырэктар студыі.

Ён таксама адзначыў, што сумесная прадукцыя — гэта адзін са шляхоў выхаду на кінарынак той ці іншай краіны.
zviazda.by