Беларускія фанаты развіталіся з «Ляпісамі» у Вільні

Канцэрт «Ляпіса Трубяцкога» прайшоў 23 жніўня ў Вільні. На яго было прададзена больш за 5 тысяч квіткоў.



 У якасці канцэртнай пляцоўкі замест звыклых закрытых арэн была абраная фабрыка мастацтваў «Loftas», што выклікала здзіўленне ў першую чаргу гледачоў, што прыехалі на канцэрт.

— Сорак даляраў за ўваход на гэты гаспадарчы двор! — абураюцца фанаты гурту, якія прыехалі з Беларусі. Сапраўды, выбар пляцоўкі быў не столькі дзіўным, колькі нязвыклым. Ды і антураж такі ж: заднія двары былых вытворчых памяшканняў з усёй вынікаючай рамантыкай у выглядзе іржавых лесвіц і металаканструкцый. А ямы ў асфальце на «танцпляцы», якія перад гэтым заліло дажджом, арганізатары проста заслалі драўлянымі паддонамі.
Зрэшты, купіўшы сувеніры і піва, прыхільнікі творчасці «Ляпіса Трубяцкога» прыстасаваўшыся да інтэр'еру, пачыналі спяваць песні і з нецярпеннем клікаць на сцэну любімы гурт. Трэба аддаць належнае, музыкі не падкачалі і на сцэну выйшлі практычна без спазнення. А калі загучалі першыя акорды і пляцоўку заліло святло юпітэраў, стала зразумела, за што былі заплачаныя запаветныя 40 даляраў. Ударны гук і бясконцы пазітыў, які расхістаў былыя прамысловыя задворкі на ўсе 100%.
У абмежаваны з чатырох бакоў будынкамі двор здолелі ўціснуцца тысячы гледачоў. Перамяшчацца ў гэтым моры людзей было цяжка, таму самыя адчайныя ў цэнтры перыядычна спрабавалі заскочыць на сцэну (некаторым гэта атрымоўвалася). А тыя, хто стаяў далёка ад сцэны, маглі бачыць усё, што адбываецца адначасова і на вялікім экране.
«Ляпісы», часам не шкадуючы моцнага слоўца, якое, зрэшты, у кантэксце канцэрта гучала зусім арганічна, адпрацавалі амаль дзве з паловай гадзіны з адным пяціхвілінным перапынкам.
Сяргей Міхалок, скандуючы ў перапынках паміж песнямі свае вершы пра багоў, людзей і працу, усміхаўся, як падалося, сумна, але высокі градус развітальнага канцэрту падтрымліваў так выдатна, што слёзы на вочы не наварочваліся нават у самых сентыментальных прыхільнікаў гурту, якія, зрэшты, свайму куміру паверылі не да канца. Няўжо «Ляпіс Трубяцкі» можа проста ўзяць і перастаць быць?!
Так ці інакш, адказ на гэтае пытанне прыхільнікі атрымаюць вельмі хутка, а пакуль можна смакаваць успаміны пра віленскі канцэрт і паспець пракаціцца за кумірамі ў Кіеў і Санкт-Пецярбург, дзе 26 і 28 жніўня адбудуцца фінальныя канцэрты развітальнага тура легендарнага гурту.
gazetaby.com