Будаўнік з Мінска стварыў анлайн-сховішча беларускай культуры
28-гадовы будаўнік Максім Умецкі — аўтар ідэі і стваральнік «Медыятэкі» — месца, дзе сабраны 3800 беларускіх песень і 1100 фільмаў на беларускай мове.
Новы сайт курсаў беларускай мовы «Мова нанова» ствараўся такім чынам, каб, як кажа лідэр ініцыятывы Глеб Лабадзенка, «быць раем
для беларускамоўнага чалавека». Тут ужо працуе дошка бясплатных прыватных аб'яў, крама, дзе можна набыць рэчы з нацыянальнай сімволікай, афіша беларускіх музыкаў. Таксама на сайце:
інфармацыя пра зніжкі на тавары і паслугі для беларускамоўных кліентаў, хуткая моўная дапамога, юрыдычная даведка для абароны моўных правоў.
«Людзі прыходзяць на курсы, а потым пытаюцца, што ім рабіць далей, каб карыстацца беларускай мовай. Мы раней раілі мноства сайтаў, дзе можна або пачытаць, або паслухаць, ці запісацца на
экскурсію. Але гэта было нязручна. Цяпер мы зразумелі, што павінны сабраць усё беларускае разам. Такая новая канцэпцыя сайта «Мова нанова». А «Медыятэка» — важная яго частка, дзе сабрана беларуская культура - музыка, кнігі, фільмы, перадачы», — кажа Глеб
Лабадзенка.
Слухач курсаў «Мова нанова», 28-гадовы будаўнік з Мінска Максім Умецкі - аўтар ідэі і стваральнік «Медыятэкі». Кажа, што вырашыў сабраць беларускамоўны
кантэнт у адно месца, бо раней марнаваў шмат часу на пошукі беларускай музыкі.
«Гэта для таго, каб той, хто шукае беларускую музыку ці фільм выбітнага земляка, марнаваў мінімум часу на пошукі праз торэнты і розныя нязручныя спасылкі, а проста зайшоў на сайт, на
якім ужо ўсё ёсць», — распавёў Максім.
У аўдыёчастцы «Медыятэкі» 3800 трэкаў — гэта песні больш за 50 беларускіх выканаўцаў, а таксама аўдыёкнігі.
У відэачастцы — тэлеверсія курсаў «Мова нанова», цыкл асветніцкіх праграм тэлеканала «Белсат» «Гісторыя пад знакам Пагоні»,
пуцяводныя нататкі «Падарожжы дылетанта», беларускія дакументальныя і мастацкія фільмы, сярод якіх «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»,
«Тутэйшыя», «Чужая бацькаўшчына», «Людзі на балоце», «Акупацыя. Містэрыі», «Маці ўрагану»,
«Праклятыя і забытыя», «Грунвальд», а таксама замежныя фільмы і мультфільмы з прафесійным беларускім перакладам. Ёсць таксама відэаверсіі канцэртаў і
запісы спектакляў. Тут жа дакументальныя фільмы пра знакамітых беларусаў — Адама Міцкевіча, Ігнація Дамейкі, Янку Купалу, Якуба Коласа, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора
Барадуліна.
«Я адсочваю ўсё беларускае, што ёсць у вольным доступе онлайн, качаю і дадаю на сайт «Мова нанова», каб уся беларускае спадчына знаходзілася ў адным месцы»,
— распавядае Максім Умецкі.
Як адзначае стваральнік «Медыятэкі», пытанне аб аўтарскіх правах пакуль не ўздымалася, але гэта і малаверагодна — сюды трапляюць толькі тыя файлы, якія ўжо і так ёсць
у сетцы. Хлопец плануе, што ўсяго ў «Медыятэцы» будзе 10 тысяч аўдыё- і 2000 відэазапісаў.
Каардынатар курсаў «Мова нанова» Глеб Лабадзенка лічыць, што з дапамогай «Медыятэкі» колькасць спажыўцоў беларускамоўнага культурнага прадукту ўзрасце
— цяпер яго будзе прасцей шукаць у сетцы.
«Мы сутыкнуліся на курсах „Мова нанова для дзетак“ з такой сітуацыяй: калі шукаеш мульцікі па-беларуску, то пашукавікі на запыт „мульцікі
па-беларуску“ нічога не знаходзяць, ці знаходзяць вельмі мала. А пасля аказваецца, што яны ўсё ж ёсць у інтэрнэце, але называюцца, напрыклад, „Піліпка“. І, не ведаючы
канкрэтную назву твора, чалавек ніколі не знойдзе гэты мульцік. Дык вось мы вырашылі, што ўсё беларускамоўнае павінна быць у адным месцы. Выдатна, што наш студэнт зрабіў такую працу, прычым не проста
сабраў матэрыялы, а падзяліў на тэмы і класіфікаваў. Трэба імкнуцца, каб карыстацца беларускім было як мага прасцей».
svaboda.org