Фолк-металісты "TerraKod" запісалі прысвячэнне латышскай песні — "Rasa.by"

Берасцейскі фолк-метал гурт "TerraKod" прэзентаваў сінгл "Rasa.by". Трэк з’яўляецца пераасэнсаваннем латышскай песні "Migla Migla Rasa Rasa", таму рэліз адбыўся ў Беларусі і Латвіі — на "Еўрарадыё" і радыё "Naba" адпаведна.



terrakod1.jpg

"TerraKod"

Традыцыйна для "TerraKod" кампазіцыя яднае ў сабе народны тэкст з аўтарскім, вынікам чаго ёсць беларуска-латышскі маніфест дэкадансу. Выхад поўнафарматнага альбома гурта анансаваны на вясну 2015 года.

"Ядро філасофіі "TerraKod" — жывыя выступы, — каментуе вакаліст Байсан, — таму з некалькіх версій звядзення мы спыніліся на максімальна блізкай да live-варыянту. Я не выключаю, што другі альбом будзе запісаны ўжывую на адным з канцэртаў. Гэта апошні сінгл перад альбомам, менавіта таму для яго абраная песня, у якой можна пакапацца ў сэнсах, асэнсаваць яе асобна ад альбома”.

Акрамя загалоўнай песні, рэліз змяшчае тры рэміксы, зробленыя беларускім ды-джэем Уладам Бубенам. Падобныя эксперыменты разам з фрывольным стаўленнем да тэкставага складніку самі музыкі называюць проста “новай хваляй беларускага фолк-метала”.

"TerraKod" заўжды дзейнічаў крыху не па шаблоне, — працягвае салістка Кася. — Мы, напрыклад, можам выдаць другім нумарам сінгла самую забойную песню з альбома. У гэты раз мы вырашылі пагуляцца з рэміксамі, але яшчэ болей нефарматнымі, чым арыгінал. Звычайна рэміксы — гэта такія папсовыя гулькі з рэальнасцю, але гэта не наш выпадак. Звычайныя наведнікі танцпляцаў змогуць аддаць належнае гэтаму антырадыйнаму бонусу”.

terrakod1.jpg

Даведка

Фолк-метал  — адзін з накірункаў металу, які выкарыстоўвае элементы народнай музыкі, народныя інструменты і традыцыйныя спевы. Па-за межамі еўрапейскага кантынента з’яўляецца дастаткова рэдкай з’явай, максімальную папулярнасць мае ў скандынаўскім рэгіёне і краінах Балтыі. Беларуская школа таксама вядомая ў Еўропе, сярод яскравых прадстаўнікоў яе адгалінаванняў — "Gods Tower", "Znich" і "Litvintroll".