"І бачу пройдзеныя далі..." — жыццяпіс сына Якуба Коласа

У Дзяржаўным літаратурна-­мемарыяльным музеі Якуба Коласа адкрылася выстава “І бачу пройдзеныя далі...”. Яна прысвечана 100-­годдзю з дня народзінаў заслужанага дзеяча культуры Беларусі, старэйшага сына народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, арганізатара і першага (1957–1980) дырэктара Дзяржаўнага літаратурна­-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Данілы Міцкевіча (30.09.1914, Пінск – 07.07. 1996, Мінск).



Жыццёвы і творчы шлях Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча раскрываецца ў экспазіцыі праз асабістыя рэчы, дакументы, фотаздымкі, лісты і дарчыя надпісы. На выставе ўпершыню прадстаўлены дакументы з сямейнага архіва, некаторыя фотаздымкі, лісты ваеннага часу і 1950-­х гадоў Якуба Коласа і Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч да сына Данілы.

У адкрыцці выставы ўдзельнічалі сваякі Данілы Міцкевіча, ягоныя сябры, былыя супрацоўнікі музея, а таксама дзеячы беларускай культуры і навукі. Пад час адкрыцця экспазіцыі прагучалі песні на словы Якуба Коласа і Янкі Купалы, музыку Івана Раманчука ў выкананні ансамбля “Мінскі грамонік”.

Акадэмік Радзім Гарэцкі назваў Данілу Міцкевіча “ўнікальным, вельмі добразычлівым чалавекам шматгранных інтарэсаў і талентаў”. “Равеснік Першай сусветнай вайны, ён зведаў цяжкае жыццё, але, як Якуб Колас і ўсе Міцкевічы, быў магутным дубам. Таму гэты род выжыў і ўсе ягоныя прадстаўнікі сталі выдатнымі людзьмі. Мы сябравалі сем’ямі і ніколі не забудзем, як ў 1930­-я гады, калі былі рэпрэсаваныя мой бацька і дзядзька, нас падтрымала менавіта сям’я Якуба Коласа. Пра гэта ў сваіх выступленнях успамінаў і Даніла Канстанцінавіч. Як хімік ён быў навукоўцам вельмі высокага ўзроўню, хоць і не меў навуковай ступені, бо вылучаўся вялікімі ведамі і выдатнай памяццю. Аднак ён ахвяраваў навуковай кар’ерай дзеля ўшанавання памяці свайго бацькі. І ў справе стварэння музея Якуба Коласа Даніла Міцкевіч праявіў сілу характара, волю і энергію”,­­ — распавёў Радзім Гарэцкі.

Ён пажадаў малодшаму сыну Якуба Коласа Міхаілу Міцкевічу напісаць кніжку пра лёс сваіх старэйшых братоў — Дінілы і Юркі.

Дырэктарка музея Зінаіда Камароўская запрасіла ўдзельнікаў адкрыцця выставы на вечарыну з нагоды 55­-годдзя музея, што адбудзецца на пачатку снежня. “А гісторыя нашай установы культуры неад’емная ад імя Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча”, ­­ зазначыла Зінаіда Камароўская.