Купалаўскі тэатр адмяніў усе спектаклі да снежня
У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы абвешчаны просты на тры месяцы, усе спектаклі адмененыя да снежня.
«Супрацоўнікі працягваюць сыходзіць. На жаль, на дзве траціны акладу не пражыць. Так зараз атрымліваюць астатнія супрацоўнікі, якія на прастоі. Хтосьці застаецца, шукае падпрацоўку, — паведамілі БелаПАН у прэс-службе тэатра. — З тым складам, што застаўся, немагчыма сыграць ніводнага спектакля».
Паводле інфармацыі прэс-службы, максімальна тэатр можа знаходзіцца на прастоі да шасці месяцаў. «Думаю, што цяпер ці пазней будуць шукаць новага дырэктара, мастацкага кіраўніка і трупу», — дадаў суразмоўца БелаПАН.
Праблемы ў калектыву пачаліся ў сярэдзіне жніўня, калі купалаўцы разам са сваім гендырэктарам Паўлам Латушкам публічна асудзілі фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і самавольства сілавікоў. 17 жніўня Латушка быў звольнены. У знак салідарнасці з ім супрацоўнікі тэатра пачалі масава падаваць заявы аб сыходзе.
18 жніўня ў Купалаўскі тэатр прыехаў міністр культуры Юрый Бондар. Ён не пагадзіўся з тым, што Латушку звольнілі па палітычных матывах, і выказаў занепакоенасць тым, «як тэатр пачне творчы сезон у такой атмасферы». У адказ супрацоўнікі тэатра заявілі, што новага сезона не будзе, і параілі Бондару падаць у адстаўку.
У той жа дзень часова выконваючым абавязкі дырэктара тэатра быў прызначаны першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада. Вечарам 18 жніўня па яго распараджэнні ў тэатры з’явіліся супрацоўнікі дэпартамента аховы. На наступную раніцу на дзвярах вывесілі аб’яву, што 19 і 20 жніўня ў тэатры выходныя дні, таму што ў будынку праходзіць санітарна-эпідэміялагічная апрацоўка. Купалаўцы расцанілі тое, што адбываецца, як «захоп тэатра».
26 жніўня з Купалаўскага тэатра звольнілася 56 супрацоўнікаў, у тым ліку 36 акцёраў. Сярод іх народныя і заслужаныя артысты, вядучыя майстры сцэны Юлія Шпілеўская, Ігар Дзянісаў, Павел Харланчук-Южакоў, Зоя Белахвосцік, Наталля Васільева-Качаткова, Алена Сідарава, Арнольд Памазан, Алег Гарбуз, Святлана Анікей, Андрэй Кавальчук, Міхаіл Зуй, Раман Падаляка. На дадзены момант у трупе засталося каля 20 чалавек.
Звольніліся таксама рэжысёры, рэдактары, адміністратары, артысты аркестра, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі. Разам з імі тэатр пакінуў мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін.