Сучасны мастацкі тэатр падтрымаў затрыманага Дзяніся Дудзінскага і абвясціў страйк
Сучасны мастацкі тэатр абвясціў пра забастоўку ў знак пратэсту супраць затрымання тэлевядучага Дзяніса Дудзінскага, паведамляе .
Пра гэта заснавальнік і мастацкі кіраўнік СМТ Уладзімір Ушакоў заявіў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
«10 сутак Тэатр СМТ МІНСК працаваць не будзе. ЗАБАСТОЎКА», — напісаў Ушакоў.
Ён выклаў фатаграфію з партрэтам тэлевядучага і надпісам #ямыДудинский. Нагадаем, Дзяніс Дудзінскі з'яўляецца адным з акцёраў СМТ і ўдзельнічае ў спектаклі «Цмок». Бліжэйшы паказ павінен быў адбыцца 11 верасня.
А сёння, 3 верасня, у судзе Першамайскага раёна разгледзелі адміністрацыйную справу ў дачыненні да тэлевядучага і шоумена Дзяніса Дудзінскага. Яго затрымалі ўчора, 2 верасня. Суд пастанавіў адправіць Дзяніса Дудзінскага ў ізалятар на 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Што за мерапрыемства яму ставілася ў віну, у які дзень і які час, хто даў супраць яго сведчанні, застаецца невядомым. Адвакат на працэсе не прысутнічаў, хоць права на абарону гарантаванае Канстытуцыяй.
Цяпер Дзяніс Дудзінскі знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна.
Паводле tut.by